Усе прэтэнзіі да мітынгоўцаў задаволеныя альбо адкліканыя


Аднак гэта не замінае пракурорам выкарыстоўваць іх у абвінавачаннях.

Сетка рэстаранаў хуткага харчавання “McDonald’s” зняпраўдзіла фармулёўку абвінавачання на працэсах у справе 19 снежня, што падчас акцыі апазіцыі ў дзень выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе дэманстранты нанеслі эканамічную шкоду. Гэтая падзея працягвае шэраг адмоваў розных арганізацыяў ад пазоваў, складзеных неўзабаве пасля выбараў. Гэткія пазовы сталіся асноўным грунтам абвінавачанняў у тым, што падзеі 19 снежня былі не мірнай акцыяй апазіцыі, а масавымі беспарадкамі натоўпу.

24 красавіка 2011 года Ульяна Смольская, прэс-сакратарка групы кампаніяў “Евросеть” (Масква), паведаміла, што “прадстаўніка “Евросети” выклікалі на паседжанне суда ў якасці сведкі, дзе ён пацвердзіў, што прэтэнзіяў да каго-небудзь у нашай кампаніі няма, як і шкоды”.

Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі выстаўляла пазоў да фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня ў Менску на суму Br 14 048 160 за рамонт Дому ўраду. 21 лютага на даручэнне беларускіх грамадзянаў праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Алена Танкачова аплацілі азначаную суму матэрыяльнай шкоды.

“Менсктранс” патрабаваў фінансавую кампенсацыю ў памеры Br 159 000 за прыпыненне руху транспарту на праспекце Незалежнасці. Гэтую позву задаволіў Дзмітрый Бандарэнка, аднак дакумент і надалей фігураваў у судовых слуханнях іншых абвінавачаных у справе 19 снежня.

Прадстаўнік “Абсалютбанку” падчас працэсу супраць Андрэя Саннікава 4 траўня 2011 года заявіў, што банк не мае аніякіх прэтэнзіяў да абвінавачанага. Уладальнік кветкавай крамы на праспекце Незалежнасці зазначыў на гэтым жа судовым паседжанні, што 19 снежня 2010 года знізіўся прыбытак, аднак аніякіх прэтэнзіяў ён не выстаўляў.

На згаданым судовым паседжанні галоўны рэвізор у справе бяспекі руху Менскага метрапалітэну Алег Глоў заявіў, што непасрэднай шкоды дэманстранты не нанеслі станцыям, шкоду можна ацэньваць толькі за прастой. Ён сказаў, што закрыццё метро – сталая практыка падчас масавых мерапрыемстваў, і рашэнне аб закрыцці станцыяў “Купалаўская” і “Кастрычніцкая” ўвечары 19 снежня 2010 года прымала міліцыя.

На адным з судовых паседжанняў Андрэй Аляксандраў, работнік Палацу культуры прафсаюзаў, сцвердзіў, што праца ўстановы 19 снежня была прыпыненая ў сувязі з рыхтаваннем навагодніх ранішнікаў, а таксама з-за таго, што на ўваходзе ў будынак стаялі каля 200 чалавек. Наконт матэрыяльнай шкоды палацу ад мітынгу ён анічога патлумачыць не змог. Аднак у крымінальнай справе ёсць дакумент, што страты аддзелу мастацкай творчасці палацу склалі Br 2,5.

belsat.eu

Стужка навінаў