Пакараць ўмоўнымі тэрмінамі


Для Уладзіміра Някляева дзяржаўны абвінаваўца патрабуе 3 гады зняволення з адтэрмінаваннем на два гады, для Віталя Рымашэўскага, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазняка – 2 гады ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады, для Андрэя Дзмітрыева – 3 гады ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады, для Насты Палажанкі – 1 год і 6 месяцаў умоўна з выпрабавальным тэрмінам 1 год.

Сёння дзявяты дзень працэсу над фігурантамі справы аб падзеях 19 снежня – Уладзімірам Някляевым, Віталём Рымашэўскім, Андрэем Дзмітрыевым, Сяргеем Вазняком, Аляксандрам Фядутам і Настаю Палажанкаю. Пасля перапынку на абед у судзе пачаліся спрэчкі. Першы выступіў дзяржаўны абвінаваўца.

На думку пракурора, віна падсудных цалкам даказаная паказаннямі сведкаў і матэрыяламі следства. Кандыдаты мелі папярэджанне ад Генпракуратуры аб недапушчальнасці правядзення несанкцыянаванай акцыі, але неаднаразова заклікалі людзей выйсці на Плошчу, нагадаў дзяржаўны абвінаваўца Кажэўнікаў. Інцыдэнт з нападам на Някляева на вул. Калектарнай пракурор патлумачыў тым, што “патрабаванні прадстаўнікоў улады былі праігнараваныя, таму была ўжытая сіла”.

Абвінавачаныя ўчынілі дзеянні супраць грамадскага парадку, заявіў ён. Факт змовы Фядуты, Някляева, Дзмітрыева і Вазняка пацверджаны шматлікімі дакументамі кампаніі “Гавары праўду!”. Наста Палажанка вінаватая ў тым, што адмыслова здымала кватэры і ўладкоўвала на начлег удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі.

Пракурор таксама звярнуў увагу суда на тое, што падсудныя не сталі на шлях пакаяння – віны сваёй не прызналі. Да таго ж абвінавачаны Сяргей Вазняк яшчэ даваў непраўдзівыя паказанні, падкрэсліў ён.

Разам з тым пракурор адзначыў, што выпраўленне абвінавачаных магчымае без ізаляцыі ад грамадства, і запатрабаваў для падсудных умоўных тэрмінаў пакарання.

belsat.eu

Стужка навінаў