Лукашэнка: Расея гатовая даць у крэдыт 6 млрд долараў


Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў, прымаючы 17 траўня з дакладам прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча. Крыніца інфармацыі – прэсавая служба прэзідэнта Беларусі.

“Я толькі што размаўляў з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Анатольевічам Мядзведзевым. Ён патэлефанаваў мне. У нас ідуць перамовы з Расейскаю Федэрацыяй аб прадстаўленні стабілізацыйнага крэдыту на падтрыманне курсу беларускага рубля. Па ўсіх перамовах яны гатовыя да таго, каб тэрмінова, калі гэта трэба, і нетэрмінова, калі гэта нам не трэба, адрэагаваць на гэта. І гэта прыкладна 3,1 млрд долараў, калі мы, канешне, будзем падпісваць з імі адпаведнае пагадненне”, – сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, цяпер усё практычна зроблена, і Беларусь можа атрымаць крэдыт.

Апрача гэтага, дадаў Лукашэнка, “прыкладна 3 млрд долараў – гэта будучыя продажы нашых тавараў”. “Нас гатовыя пракрэдытаваць. Раазм атрымліваецца 6 з лішкам млрд долараў – гэтага дастаткова сёлета не толькі для стабілізацыі, але і для таго, каб мець золатавалютныя рэзервы”, – запэўніў кіраўнік дзяржавы.

“Але тут трэба мець на ўвазе, што эканоміка ў нас усё ж такі расце, УВП 112,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года – гэта высока. Канешне, нямнога сродкаў не хапае, паколькі яшчэ высокія кошты на нафту, сыравіну, камплектуючыя і г.д. Гэта аб’ектыўна. Але гэта часовыя цяжкасці, і я хацеў бы, каб урад і Нацыянальны банк не надта тут стараліся ў плане пазыковых срокаў, таму што іх давядзецца вяртаць. Таму арыентацыя на тое, што жыць трэба па сродках”, – падкрэсліў Лукашэнка.

“Я адмыслова тыдзень быў у сельскагаспадарчых арганізацыях, глядзеў, што ж там адбываецца, – паведаміў кіраўнік дзяржавы. – Ніякай катастрофы няма, гаспадаркі працуюць устойліва, нармальна, а вось што цяпер адбываецца на валютным і спажывецкім рынках у цэлым па краіне, я хацеў бы ад вас пачуць. Толькі аб’ектыўна. Усё, што адбываецца. Калі трэба, каб я цяпер кінуў усе справы і падключыўся да гэтага пытання – добра. Давайце я буду займацца. Калі пакуль сітуацыяй можна кіраваць і вы бачыце перспектывы, тады не будзем гарачыцца, будзем спакойна ў гэтым напрамку дзейнічаць”.

“Мне, як вы ведаеце, дакладае група, якая займаецца маніторынгам валютнага і спажывецкага рынкаў, – працягнуў Лукашэнка, звяртаючыся да Мясніковіча. – Я хацеў бы ад вас пачуць пра ўсё тое, што адбываецца на валютным і спажывецкім рынках перад усім. Я ведаю, вы ўчора збіраліся і нібыта выпрацавалі яшчэ адно чарговае рашэнне. Але я яшчэ раз хачу вас папярэдзіць, каб вы мне прадставілі аб’ектыўную ацэнку, каб я нарэшце маг зрабіць пэўныя высновы, таму што дакладчыкаў многа, а выснова павінна быць адна”.

Мясніковіч, паводле інфармацыі прэс-службы, паведаміў, што ў краіне забяспечваецца ўстойлівае развіццё эканомікі.”Канешне, ёсць моманты, калі даводзіцца вырашаць у ручным рэжыме, але сітуацыя кіруемая, каардынацыя забяспечваецца цалкам і ўрадам прымаюцца неабходныя кіраўніцкія рашэнні”.

Нагадаем, што ў пачатку 2011 г. улады Беларусі звярнуліся да ўраду Расеі па крэдыт у памеры 1 млрд долараў і да антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС па крэдыт у 2 млрд долараў.
Аднак 11 траўня міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын заявіў, што Расея не разглядае магчымасць вылучэння крэдыту з свайго бюджэту, таму Беларусь можа спадзявацца толькі на грошы з фонду ЕўрАзЭС. Ён таксама паведаміў, што ўмовы прадстаўлення крэдыту Беларусі могуць быць вызначаны да візіту прэм’ер-міністра Расеі Уладзіміра Пуціна ў Менск 19 траўня.

belsat.eu

Стужка навінаў