З’явілася відэа апошняга слова Андрэя Саннікава


Відэа, якое атрымалі журналісты «Белсату», знятае ўпотай камераю мабільнага тэлефона, паказвае прамову экс-кандыдата на судзе над удзельнікамі Плошчы.

Апошняе слова Андрэя Саннікава:

«Я не буду разбіраць абсурднасці абвінавачання, бо яно надуманае і неабгрунтаванае, што пацвердзілі ўсе ўдзельнікі працэсу, акрамя пракурора. Я хачу спыніцца на тым, што падзеі 19 снежня і тое, што адбываецца пасля, – праява страху ўладаў перад рэальнымі пераменамі. Гэта помста за смеласць. У маім выпадку гэта яшчэ і палітычная расправа з кандыдатам, які стварыў рэальную канкурэнцыю Лукашэнку, які здолеў сабраць моцную каманду прафесіяналаў і выказаў сур’ёзны намер прыняць адказнасць за кіраванне краінаю. Я і цяпер лічу, што перамены магчымыя. І настойваю, што негвалтоўным шляхам, шляхам дыялогу і дамовы мы можам змяніць нашую краіну, нашае жыццё.

Улады здзейснілі прадуманую маштабную аперацыю. На гэта паказвае выступ Лукашэнкі – што ён пасля выбараў расправіцца з усімі кандыдатамі. Пра гэта сведчаць заявы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Макея – нібыта ў апазіцыі быў падрыхтаваны план узброенага гвалтоўнага супраціву. Але ў крымінальнай справе няма аб’ектыўных доказаў, якія б пацвердзілі гэта.

Пра змову ўладаў сведчаць і словы старшыні ЦВК Ярмошынай, што кандыдаты складаюць свае паўнамоцтвы а 20-й гадзіне 20 снежня. Гэта быў просты ўказ спецслужбам і міліцыянтам дзейнічаць на знішчэнне апанентаў Лукашэнкі ўжо 19 снежня ўвечары.

Як вынік, кандыдаты, як і дэманстранты, былі збітыя і затрыманыя. Дзеянні міліцыі былі наўмысна пасіўныя ад пачатку, калі мы звярталіся да іх з просьбаю аховы і навядзення парадку на Плошчы. Пазней гэтыя дзеянні на загад чалавека, імя якога пацярпелыя адмовіліся называць у судзе, сталі агрэсіўныя – міліцыя жорстка збівала людзей. Праваахоўныя органы чамусьці не затрымлівалі правапарушальнікаў, не прадухілялі іхных дзеянняў, калі трэба было гэта рабіць.

Я ганаруся беларусамі, што выйшлі на Плошчу. Я хачу падзякаваць усім, хто падтрымаў мяне і змагаецца за праўду. Я ганаруся, што сёння застаюся ў клетцы з маладымі хлопцамі Гнедчыкам, Мірзаянавым, Васілевічам, Яроменкам – у гэтых маладых людзей вось тут, у клетцы, больш патрыятызму і любові да Беларусі, чым ва ўсіх органаў, што загналі іх сюды. Менавіта за такімі маладзёнамі будучыня нашай краіны.

Сённяшняя ўлада Беларусі страціла павагу насельніцтва. Прэзідэнцкая кампанія паказала: людзі востра чакаюць пераменаў. Нашыя суседзі ды партнёры не прызналі выбараў легітымнымі. І наступствы ўжо відавочныя: і палітычныя, і эканамічныя, і нават спартовыя.

Мы прапаноўвалі ўладзе дыялог. Мы спадзяваліся, што знойдуцца сумленныя людзі, якія выйдуць на перамовы, як тое было ў 1991 годзе. Тыя падзеі былі лёсавызначальныя для Беларусі. І калі б чыноўнікі выйшлі да народу, можна было б пазбегнуць сумных наступстваў.

Сёння дзясяткі людзей сядзяць у турмах і клетках за свае палітычныя і грамадзянскія перакананні. Фабрыкуюцца справы і зневажаецца закон. Я хачу папярэдзіць тых, хто сёння выносіць прысуды: законнасць – гэта адпавядаць закону, а не загадам чыноўнікаў, якога б высокага рангу яны ні былі. Кожны адкажа за свае дзеянні. Тыя, хто парушаюць закон, вельмі хутка будуць сядзець на лаве падсудных – і пакаранне за адступленне ад закону будзе жорсткае.

Больш за месяц я не даваў паказанняў. Я вытрываў катаванні ды здзекі. Аднак у мяне няма нянавісці ды жадання помсціць. Я па-ранейшаму перакананы, што Беларусь можна змяніць шляхам перамоваў і дыялогу.

Я вельмі люблю сваю сям’ю, Беларусь і свабоду. Без свабоды мы не можам дасягнуць свабодных выбараў, што так неабходна беларусам. Мы мусім быць упэўненыя, што можам уплываць на выбары, што самі робім свой выбар.

Жыве Беларусь!»

Канец прамовы экс-кандыдата прысутныя сустрэлі авацыямі і крыкамі «Жыве Беларусь!».

belsat.eu

Стужка навінаў