Сяброўства з Уга: ці будзе працяг?


Па выніках візіту прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавэса ў Менск бакі падпісалі шэраг дамоваў, у тым ліку – на пастаўкі нафты. Паводле кантракту, заключанага паміж “Беларускаю нафтаваю кампаніяй” і “Petróleos de Venezuela”, пастаўкі нафты ў Беларусь працягнуцца і ў 2011–2013 гг.

Паводле крыніцаў, блізкіх да перамоваў, штогод Венесуэла будзе пастаўляць да 10 млн тонаў нафты на год.

“Паміж Венесуэлай і Беларуссю гэты ланцужок – гандаль нафтаю – ёсць самым значным. Іншыя праекты, напрыклад, інвестыцыйныя праекты Беларусі ў Венесуэле, пакуль што знаходзяцца ў той стадыі, калі пакуль цяжка сказаць, ці будуць яны мець плён, ці не, – зазначыў палітолаг Уладзімір Мацкевіч. – Эканоміка Венесуэлы не ёсць дынамічнай і схільнаю да буйнага развіцця ў адрозненне ад Беларусі, у якой ёсць патэнцыял да развіцця”.

Кіраўнікоў Венесуэлы і Беларусі таксама аб’ядноўваюць складаныя стасункі з краінамі Захаду. Візіт Уга Чавэса ў Менск напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў мае таксама і палітычнае значэнне для Аляксандра Лукашэнкі. “З пункту гледжання палітыкі візіты на высокім узроўні для большасці электарату працуюць у PR-скім сэнсе на карысць Лукашэнкі – гэта паказвае эфектыўнасць яго дзеянняў у прыватнасці ў забеспячэнні нафтапрадуктамі”, – падкрэсліў Уладзімір Мацкевіч у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

belsat.eu

Стужка навінаў