Творчыя людзі падтрымалі ахвяраў выбуху 11 красавіка


Амаль 4 млн руб. сабралі падчас дабрачыннага канцэрту ў Менску.

Паводле арганізатара Паўла Аракеляна, у канцэрце, які адбыўся вечарам 15 траўня ў менскім «Лофт-Кафе», удзельнічалі каля 100 чалавек, у тым ліку знакамітыя прадстаўнікі айчыннай культуры: музыкі, мастакі і літаратары. Сярод іх этна-трыа «Троіца», рок-гурт «Naka», джаз-бэнд «Аўтсайдары», кампазітар Святлана Шэіна, музыка Аляксандр Памідораў, а таксама чальцы беларускага ПЭН-цэнтру.

Перад сваім выступам Анастасія Шпакоўская, лідарка рок-гурта «Naka», заявіла: «Людзям, якіх не закранула гэтая бяда, здаецца, што прайшло ўжо шмат часу. У мяне да гэтага моманту не ціхне боль у сэрцы – здаецца, што гэта ўсё адбываецца з усімі намі. Памяць пра без віны забітых мусіць застацца ў нашых сэрцах – гэта тое, для чаго мы тут усе сабраліся сёння».

У сваю чаргу, Аляксандр Памідораў зазначыў: «Бяда – яна не абірае, заўжды бывае нечаканая. Але дзіўным чынам гэтая бяда ўплялася ў ланцуг неверагодных здарэнняў, якія адбываюцца ў нашай краіне ў апошнія, калі казаць пра шанец, дзесяць гадоў. Нармальна гэта асэнсаваць гэта проста немагчыма».

Падчас канцэрту ладзіўся распродаж твораў літаратуры і мастацтва, ахвяраваных творцамі: музыкі і літаратары перадалі свае кампакт-дыскі ды кнігі, мастакі – творы графікі ды жывапісу.

Як адзначыў Аракелян, сабраныя сродкі перадалі канкрэтным людзям, пацярпелым ад выбуху ў менскім метро.

Музыка мяркуе, што дапамагаць трэба не адзін раз: «Не трэба думаць, што аддаў колькі грошай – і сумленне свабоднае. Дапамога людзям, не толькі матэрыяльная, але перш за ўсё псіхалагічная, будзе патрэбная яшчэ шмат гадоў. Вы ж ведаеце, што наша грамадства ніяк не прыдатнае для інвалідаў. Ім патрэбнае не шкадаванне, а нармальныя чалавечыя адносіны, падтрыманне, добрае слова – дапамагайце па магчымасці».

belsat.eu

Стужка навінаў