Скарачаецца набор у дзіцячыя лагеры


На іх рэканструкцыю сёлета не хапіла грошай.

Рэканструкцыя і абнаўленне ў дзіцячых лагерах робіцца штогод. Сродкі на гэта вылучаюцца з мясцовага бюджэту – ад праведзеных суботнікаў, а таксама ад прадпрыемстваў-уладальнікаў дамоў адпачынку. Лагеры ва ўласнасці буйных прадпрыемстваў засталіся з часоў Савецкага Саюзу. Вядома, што за гэты час мэбля, будынкі ды тэрыторыя занядбаліся, але для капітальнага рамонту звычайна не стае сродкаў. У выніку атэстацыйная камісія не можа дапусціць да працы шмат якія лагеры, іх вымушаныя закрыць. Асабліва вострая гэтая праблема ў рэгіёнах. У сталіцы пытанне кантралюе Менгарвыканкам, таму сёлета вылучаюць каля 2,6 млрд руб. – найбольшая сума ў краіне, але ўсё адно недастатковая. Паводле педагога-арганізатара Галіны Дзюбы, якая штогод працуе ў дзіцячых лагерах, за апошнія пяць гадоў дзясяткі ўстановаў проста закрылі. “У выніку ўтварыліся вялікія чэргі дзяцей, якія хочуць трапіць на адпачынак у лагер. Бо і для бацькоў, і для школьнікаў гэта добрая магчымасць бавіць летні час. Аднак абсталяванне – музычнае і спартовае – у лагерах ужо адпрацавала сваё, як кажуць. Трэба таксама змяняць мэблю, але адміністрацыя знаходзіць грошы толькі на касметычны рамонт”, – падсумоўвае яна.

Пры гэтым кошты на адпачынак у лагеры сёлета ўзняліся. Як паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры санаторна-курортнага лячэння, пуцёўка на адну змену будзе каштаваць для дзіцяці ад 760 да 860 тыс. руб. – на 200 тыс. руб. больш як летась.

belsat.eu

Стужка навінаў