Долар - 7 250 рублёў, еўра - 10 000


Міжбанкаўскі рынак адрэагаваў на бяздзейнасць Нацбанку.

16 траўня старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч выйшаў на працу пасля паўтарамесяцавага бальнічнага, правёў нараду і ўзяў яшчэ тыдзень адпачынку. На нарадзе нічога не вырашылі. У першай палове дня міжбанкаўскі рынак адрэагаваў падвышэннем курсу долара з Br 6000 (у пятніцу, 13 траўня) да 6300. У другой палове дня курс долара дасягнуў Br 7250, курс еўра — болей за Br 10 000.

Як паведаміў агенцтву “Интерфакс-Запад” удзельнік валютнага рынку, кошты на імпартаваныя спажывецкія тавары днямі могуць павысіцца на 50–60 %, бо іх пастаўнікі мусяць страхавацца ад валютных рызыкаў.

Суразмоўца распавёў, да якіх сцэнараў рыхтуецца беларуская бізнес-супольнасць. Першы – далейшая бяздзейнасць уладаў, вынікам якой стане гіперінфляцыя з улікам нядаўняй лібералізацыі ўмоваў цэнаўтварэння для імпарцёраў. Другі сцэнар патрабуе ад уладаў волі выправіць сітуацыю шляхам правядзення адкрытых біржавых гандляванняў на рынкавай аснове, у выніку якіх курс можа зафіксавацца на ўзроўні 6000–7000 руб. за долар.

“Дзелавая супольнасць чакае ад уладаў рэальных крокаў у антыкрызісным кіраванні – у прыватнасці, пераходу да рынкавага курсаўтварэння на ўсіх сегментах валютнага рынку”, – заявіў агенцтву кіраўнік буйной прыватнай кампаніі. Паводле яго, “час, на працягу якога сітуацыю можна стабілізаваць, ужо можна лічыць на дні”.

belsat.eu

Стужка навінаў