“Сядзім як мышы, баімся ў калідор выйсці...”


На прадпрыемствах і ва ўстановах кожную хвіліну чакаюць праверкі стану дысцыпліны і ідэалогіі. Яе вынікі маюць паведаміць асабіста Аляксандру Лукашэнку.

“Падпісана сумеснае распараджэнне кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта і дзяржсакратара Савета бяспекі па праверцы шэрагу прадпрыемстваў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы”, — паведаміў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей.

Згодна с распараджэннем, на прадпрыемствах спраўдзяць стан дысцыпліны, ідэалагічную і кадравую працу.

“Сідзім зараз як мышы, лішні раз баімся з кабінета ў калідор выйсці. Кіраўніцтва нас папярэдзіла, што ў любы момант магчыма праверка з выканкаму”, — распавяла працаўніца УП “Белпрампраект” Валянціна.

Студэнтка другога курсу Акадэміі фізічнага выхавання Вікторыя гаворыць, што іх ужо афіцыйна папярэдзілі — з наступнага навучальнага году за кожны пропуск лекцыяў ці практычных заняткаў без слушнай прычыны прыйдзецца плаціць грошы.

Нагадаем, пра неабходнасць успомніць практыку савецкіх часоў на пачатку траўня заявіў Аляксандр Лукашэнка: “У нас ёсць савецкі досвед часоў Андропава. Падабаецца гэта камусьці ці не, але прыкладна так мы павінны прымусіць кожнага працаваць”.

Па словах кіраўніка Беларусі, “безгаспадарчасць, адарванасць кіраўнікоў ад людзей і слабая кадравая і ідэалагічная праца на прадпрыемствах стварае асяроддзе для ўзнікнення і фарміравання асацыяльных поглядаў і ідэяў”. Ён меў на ўвазе нядаўні тэракт у менскім метро.

belsat.eu

Стужка навінаў