Міхасю Башуру пагражаюць тры гады зняволення


У дачыненні Міхася Башуры, працэс па справе якога праходзіць у судзе Савецкага раёну Менску, удакладнілі ранейшае абвінавачанне. Актывісту грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Сам ён віны не прызнае.

Нагадаем, Башуру абвінавачваюць паводле дзвюх частак арт. 380 Крымінальнага Кодэксу (падробка, выраб, выкарыстанне ці збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў).

Міхась Башура сцвярджае, што даведку аб прыбытках складаў пры адсутнасці на працы бухгалтара і дырэктара кампаніі, дзе ён працуе. Актывіст заяўляе, што не меў ніякага намеру падрабляць дакументы.

Абарона Башуры таксама прытрымліваецца меркавання, што падчас складання даведкі ён толькі памыліўся ў разліках, таму ў злачынствах, якія яму інкрымінуюцца, не вінаваты.

На апошнім паседжанні суда, 15 кастрычніка, дзяржаўны абвінаваўца Галіна Корнева заявіла хадайніцтва аб выдзяленні ёй часу для таго, каб перафармуляваць абвінавачанне, і суддзя Кірыл Палулех яго задаволіў.

Сёння працэс па справе Башуры аднавіўся. Цяпер ён абвінавачваецца ў тым, што падрабіў даведкі для перадачы іх іншай асобе з мэтай атрымання льготнага крэдыту для будаўніцтва жытла. Раней абвінавачанне сцвярджала, што ён сам падаваў гэтыя даведкі ў адпаведныя органы.

Паводле адвакаткі Тамары Сідоранкі, яе падапечны сапраўды завысіў свае даходы. Але зрабіў гэта ненаўмысна, бо пры атрыманні крэдыту яму было б выгадна, калі б даходы аказаліся ніжэйшымі.

Вызвалення Башуры патрабуе Саюз беларускіх пісьменнікаў. У сваю чаргу, Каардынацыйная рада прадпрымальнікаў Менску лічыць арышт Башуры палітычным, бо сёлета ён вылучаўся ў якасці кандыдата ў дэпутаты Менскага гарсавету ад прадпрымальніцкага блоку, а пазней стаў актыўным удзельнікам кампаніі “Гавары праўду!”, якую ўзначальвае адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзімір Някляеў.

belsat.eu

Стужка навінаў