Абвешчаныя прысуды Халіп, Севярынцу, Марцалеву (Абноўлена)


Журналістцы Ірыне Халіп – 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкаю выканання пакарання на 2 гады, Паўлу Севярынцу –3 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу, Сяргею Марцалеву – 2 гады пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам 2 гады.

16 траўня ў судзе Партызанскага раёну гораду Менску Вердыкт абвесціла суддзя Жанна Барысіна. Пасля абвяшчэння выракаў асуджаных вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

Нагадаем, што журналістка Ірына Халіп, сустаршыня аргкамітэту ў стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, які кіраваў выбарчым штабам Віталя Рымашэўскага, і кіраўнік выбарчага штабу Мікалая Статкевіча Сяргей Марцалеў асуджаныя ў межах справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 г. паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 3 гадоў.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч растлумачыў, што выракі, вынесеныя Халіп, Севярынцу і Марцалеву, падобныя. „Сам механізм пакаранняў аднолькавы, розніца толькі ў працэдуры іх выканання”, – сказаў ён. Атрымоўваецца, што адным часцей, другім радзей трэба адзначацца ў міліцыі. Галоўнае, што ўсе яны будуць падлягаць кантролю і кожнае іх дзеянне, якое суд прызнае супрацьпраўным, можа стаць прычынай санкцыяў.

Стэфановіч таксама зазначыў, што абвешчаныя выракі несправядлівыя і праваабаронцы надалей будуць змагацца за іх скасаванне. „Грамадзянскіх позваў не было (за выключэннем позвы “Менсктрансу”, аднак гэта позва была пагашана падчас аднаго з папярэдніх судоў), АБСЕ прызнала правядзенне выбараў недэмакратычнымі, таму няма ніякіх падставаў назваць выракі справядлівымі”.

Усе трое збіраюцца абскардзіць прысуды.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары