Нямеччына патрабуе вызвалення ўсіх палітзняволеных


Толькі пасля гэтага можна будзе размаўляць аб нармалізацыі двухбаковых дачыненняў.

“Пасля снежаньскіх прэзідэнцкіх выбараў урад Беларусі прымае жорсткія захады супраць апазіцыі, СМІ ды грамадзянскай супольнасці”, – заявіў прэс-сакратар ураду Штэфэн Зайбэрт (Steffen Seibert). Паводле яго, абвінавачаныя экс-кандыдаты на прэзідэнцтва – “палітзняволеныя ў цэнтры Еўропы”.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель (Angela Merkel), адкрываючы выставу “Über Leben” (“Пра/па-над жыццём”), заклікала Аляксандра Лукашэнку “забяспечыць нарэшце і для сваіх грамадзянаў свабоды, якімі карыстаецца большасць людзей у Еўропе”.

“Гэта людзі, якія мужна выступілі дзеля абароны сваіх перакананняў, свабоды меркаванняў і дэмакратыі. Яны заслужылі нашую салідарнасць”, – заявіў спадар Зайбэрт. Ад імя федэральнага ўраду ён запатрабаваў неадкладнага вызвалення ўсіх палітзняволеных. “Не можа быць нармалізацыі дачыненняў паміж Нямеччынаю ды Беларуссю, пакуль апазіцыянеры сядзяць у турме ці пад дамашнім арыштам, а на парадку дня ў Беларусі застаюцца абуральныя парушэнні правоў чалавека”, – падкрэсліў прадстаўнік ураду.

12 траўня еўрапарламентары прынялі чарговую рэзалюцыю, у якой заклікалі Еўракамісію, Раду ЕЗ і вярхоўнага прадстаўніка ў пытаннях замежнай палітыкі «пашырыць абмежавальныя захады супраць рэжыму Беларусі, улучна з увядзеннем кропкавых эканамічных санкцыяў».

belsat.eu

Стужка навінаў