Якім будзе сцэнар Пракаповіча?


У панядзелак, 16 траўня, старшыня Нацбанку выходзіць на працу пасля 1,5 месяца бальнічнага. Камерцыйныя банкі чакаюць, што ён можа “адкаціць” курс.

У суботу, 14 траўня, беларускія банкі не змаглі спрагназаваць, якім будзе курс набыцця і продажу замежных валютаў у абменных пунктах у панядзелак, 16 траўня. Пра гэта паведамляе агенцтва “Интерфакс-Запад”. Паводле ягоных звестак, Нацбанк неафіцыйна рэкамендаваў да канца гэтага тыдня ўтрымліваць курс продажу долара на ўзроўні 4 тыс. руб.

Новых інструкцыяў не паступала. Аднак калі б сітуацыя гэтак жа развівалася і далей, можна было б чакаць, што банкі атрымаюць свабоду ў фармаванні курсу, тады долары ў абменніках падаражэлі б да 6 тыс. руб. (да узроўню міжбанкаўскага курсу).

16 траўня пасля амаль 1,5 месяца хваробы на працу выходзіць старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч. “Сітуацыя сёння непрадказальная, – распавёў агенцтву кіраўнік банку з расейскім капіталам. – Мы нават не выключаем, што Пракаповіч можа вырашыць: 4 тыс. руб. – гэта занадта, – і “адкаціць” курс назад праз чарговыя неафіцыйныя рэкамендацыі. Мы гатовыя і да такога сцэнара.

Прадстаўнікі пяці апытаных агенцтвам банкаў мяркуюць, што ў панядзелак раніцою абменныя пункты адчыняцца з курсам 4 тыс. руб. за долар, далейшы ж кошт будзе залежаць ад пазіцыі рэгулятара.

Нагадаем, што 11 траўня Нацыянальны банк Беларусі заявіў пра пераход да свабоднага курсаўтварэння, але неафіцыйна рэкамендаваў банкам не ўзнімаць кошт продажу долара вышэй за 4 тыс. руб. У пятніцу, 13 траўня, на пазабіржавым рынку абменны курс дасягнуў 6 тыс. руб. за 1 долар.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары