Класкоўскі пайшоў на Плошчу, “каб пабачыць жывую Ярмошыну”


14 траўня ў судзе Ленінскага раёну Менску працягнулі разгляд крымінальнай справы супраць экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва Міколы Статкевіча і Дзмітрыя Вуса, былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага ды іншых ўдзельнікаў Плошчы: Дзмітрыя Буланава, Арцёма Грыбкова, Аляксандра Квяткевіча, Андрэя Пазняка.

Усіх іх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, а Статкевіча і Вуса – у іх арганізацыі. Суд працягнуў разгляд матэрыялаў следства.

Падчас прагляду відэа з плошчы Незалежнасці Аляксандр Класкоўскі заявіў, што яно змантаванае і падаецца не ў тым парадку, у якім усё адбывалася. Спачатку паказалі фінал, а потым – як ён зневажаў міліцыянтаў. Паводле Класкоўскага, на відэа няма моманту, дзе працаўнік міліцыі ўдарыў яго шчытом, за што і быў зняважаны. У гэтым падсудны раскайваецца.

Суд прагледзеў відэапаказанні Класкоўскага пасля затрымання, у якіх ён заяўляе, што не атрымліваў ніякіх грошай ад апазіцыйных партыяў і замежных арганізацыяў, не ведае ніводнага з кандыдатаў на прэзідэнты, што на Плошчы ён быў абсалютна цвярозы.

Як перадае агенцтва “Интерфакс-Запад”, следчы пацікавіўся, навошта Класкоўскі пайшоў на Плошчу у міліцыйнай форме. Той адказаў: “Каб не білі, як іншых”. Потым Класкоўскі пажартаваў, што пайшоў на плошчу Незалежнасці, бо “хацеў пабачыць жывую Ярмошыну [старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая знаходзіцца ў Доме ўраду. – “Интерфакс”]” і “хацеў, каб яна пералічыла [бюлетэні, – “Интерфакс”].

Суд адхіліў хадайніцтва Арцёма Грыбкова, які настойваў на правядзенні ў дачыненні яго экспертызы на прадмет наяўнасці алкаголю. Паводле яго, гэта неабходна, каб было зразумела, што ён не алкаголік, які за бутэльку біў дзверы і шкло. Суд палічыў, што дастаткова звестак на гэтую тэму, выкладзеных у матэрыялах справы.

І Арцём Грыбкоў, і Андрэй Пазняк сцвярджаюць, што не ўдзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі, а калі былі на плошчы Незалежнасці, не ўсведамлялі, што там рэальна адбываецца.

belsat.eu

Стужка навінаў