На Ноч музеяў падрыхтавалі самаробную зброю


Выстава “Узоры партызанскай мудрасці і кемлівасці” адчыніцца ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны.

З 14 на 15 траўня ў Беларусі будзе праводзіцца папулярная ва ўсім свеце акцыя “Ноч музеяў”. “…Гэта той час, калі магчыма ўсё тое, чаго музеям і наведнікам нельга рабіць у звычайны час. Да гэтай даты працаўнікі нашых музеяў прыдумалі шмат цікавых акцыяў”, – заўважыла 13 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску галоўная спецыялістка кіраўніцтва ўстановаў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Святлана Гаўрылава.

Як паведаміў дырэктар Музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Азаронак, у яго сценах адкрыецца выстава “Узоры партызанскай мудрасці і кемлівасці”, дзе будуць паказаныя найлепшыя калекцыі рукапісных часопісаў і самаробнай зброі з фондаў, якія збіраліся з 1944 года.

Паводле дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музею Сяргея Вечара, увечары 14 траўня пачнецца тэатралізаванае свята “Ажылая музейная ноч”. Адною з галоўных яе падзеяў стане адкрыццё аўтарскага праекту Вольгі Смаляк “Ажылыя карціны”: 35 карцінаў мастака Андрэя Смаляка і 35 фотавобразаў зорных удзельнікаў праекту – артыстаў, рэжысёраў, тэлевядоўцаў, спартоўцаў. Сутнасць праекту – ва ўнікальным сінтэзе розных відаў мастацтва: жывапісу, фатаграфіі, дызайну, строю, грыму.

У гэтую ноч “ажыве” і традыцыйны выставачны праект “Экспануецца ўпершыню” – прыдбанае Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі ў 2010 годзе. Акрамя таго, ужо трэці год запар у межах акцыі “Ноч музеяў” цягам гадзіны наведнікі змогуць пабачыць унікальны музейны прадмет, які раней не выстаўляўся.

Героямі Музею гісторыі беларускай літаратуры стануць небеларускія класікі. Тут пабачым эксперыментальны творчы праект “Паміж двух партрэтаў” (Гогаль і Ясенін: увасобленая сустрэча) – сцэнічная фантазія з выкарыстаннем музейных прадметаў.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў гонар 120-годдзя беларускага класіка правядзе акцыю “120 прызнанняў паэту”, падчас якой плануецца прачытаць 120 вершаў, прысвечаных Максіму, праспяваць 120 песень, стварыць 120 мастацкіх працаў і, “калі хопіць сілаў”, выканаць 120 танцаў.

Літаратурны музей імя Янкі Купалы запрашае на фестываль рэкламы мінулага стагоддзя “Свет там думкі хітрыя знае…”.

belsat.eu
https://youtu.be/yY8YbokqJcg

Глядзі таксама
Каментары