Сяргей Гайдукевіч адмаўляецца ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах


Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) Сяргей Гайдукевіч здымае сваю кандыдатуру з прэзідэнцкіх выбараў. Як паведаміў агенцтву БелаПАН прэс-сакратар палітыка, адпаведную заяву Гайдукевіч падаў у ЦВК раніцаю 8 кастрычніка. Тлумачачы БелаПАН сваё рашэнне, Сяргей Гайдукевіч заявіў: ён мяркуе, што “выбары ў Беларусі –гэта спектакль, вынікі якога ўжо даўно ўсім вядомыя”.

Паводле палітыка, беручы ўдзел у цяперашняй кампаніі, ён хацеў паказаць, што карыстаецца падтрыманнем людзей. Гайдукевіч лічыць сваю партыю самаю моцнаю ў Беларусі, бо менш як за тыдзень ягонай ініцыятыўнай групе ўдалося сабраць 100 тыс. подпісаў, патрэбных для рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнта Беларусі.

“Я ведаю, што мяне людзі падтрымліваюць, але мы прынялі рашэнне, што далей браць удзел у выбарах няма сэнсу”, – падкрэсліў Гайдукевіч.

Рашэнне аб удзеле Гайдукевіча ў выбарах прэзідэнта было прынятае яшчэ ў 2008 г. на з’ездзе ЛДП. У яго была самая вялікая ініцыятыўная група (10 483 чалавекі), у той час як у дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі – 8 403 чалавекі.

Сяргей Гайдукевіч браў удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2001 і 2006 гг.; тады за яго, паводле афіцыйных звестак, прагаласавалі адпаведна 2,48 % і 3,5 % беларускіх выбарнікаў.

Такім чынам, на пасаду прэзідэнта Беларусі прэтэндуюць 15 чалавек.

Глядзі таксама
Каментары