Прымусовы збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку працягваецца


Шараговыя выбарцы пацвярджаюць факты прымусовага збору подпісу за дзейнага прэзідэнта.

Раней пра гэткія выпадкі паведамлялі сябры ініцыятывы “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Паводле праваабаронцаў, у працэсе збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі зафіксавалі факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу.

Жыхарка Менску распавяла “Белсату” аб тым, што збіраць подпісы за Аляксандра Лукашэнку змушаюць службоўцаў, у прыватнасці – сацыяльных работнікаў. “Ён [сацыяльны работнік] прыходзіць з ведамасцю падпісацца за Лукашэнку. Іх усіх забавязалі хаця б па восем подпісаў сабраць. Я нават сумняюся, што гэты чалавек з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы”, – зазначыла пенсіянерка.

Тым часам праваабаронцы цвердзяць, што сябры ініцыятыўнай групы Лукашэнкі пры падтрыманні мясцовых уладаў арганізоўвалі збор подпісаў ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя, на прадпрыемствах. “Вядомыя факты, калі кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў і ўстановаў настойліва раяць сваім падначаленым не падпісвацца ні за каго, акрамя Лукашэнкі”, – заявіў Валянцін Стэфановіч.

Між тым, падкрэсліў ён, артыкул 61 Выбарчага кодэксу Беларусі абвяшчае, што “ўдзел адміністрацыяў арганізацыяў у зборы подпісаў, а роўна і прымушэнне ў працэсе збору подпісаў не дапускаецца”.

belsat.eu

Стужка навінаў