Лідзія Ярмошына: Папярэджанне, магчыма, нават занадта мяккая мера


Цэнтральная выбарчая камісія вынесла папярэджанне ініцыятыўнай групе па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Беларусі лідара кампаніі “Гавары праўду!” Уладзіміра Някляева.

Гэта першае папярэджанне, вынесенае ЦВК ініцыятыўнай групе прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта на цяперашніх выбарах.

Як паведаміла 14 кастрычніка на паседжанні чалец ЦВК Надзея Кісялёва, у камісію паступіла шмат скаргаў на дзеянні ініцыятыўнай групы Някляева. Сярод зафіксаваных парушэнняў – распаўсюджванне агітацыйнай друкаванай прадукцыі аб Някляеве, вырабленай за мяжою (у Расеі), у той час як агітацыя ў перыяд збору подпісаў забароненая; збор подпісаў непаўналетнімі, што забаронена законам; а таксама перадача пасведчанняў чальцоў групы іншым асобам. Акрамя таго, у непаўналетніх чальцоў групы знайшлі каля 50 агітацыйных улётак, паведамілі ў ЦВК.

У адказ на гэта кіраўнік выбарчага штабу Някляева Андрэй Дзмітрыеў заявіў, што лідар кампаніі “Гавары праўду!” не даваў даручэння непаўналетнім збіраць подпісы ў ягонае падтрыманне.

Дзмітрыеў таксама адмаўляе факт перадачы пасведчанняў трэцім асобам.

Што да распаўсюджання агітацыйных улётак пра Някляева, то, паводле Дзмітрыева, штабу пра гэта вядома. Гэтыя дзеянні ён назваў правакацыяй. Ініцыятыўная група лідара кампаніі “Гавары праўду!”, паводле кіраўніка штабу, не рабіла замовы на выраб гэтых улётак і не займалася іх распаўсюдам.

Аднак прадстаўнікі ЦВК, у тым ліку кіраўніца камісіі Лідзія Ярмошына, палічылі відавочнымі факты парушэння выбарчага заканадаўства групаю Някляева.

“Даўно вядома, што група парушае заканадаўства, прычым з ведама Някляева. Адназначна, вашая група напрошваецца на санкцыі”, – падкрэсліў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

Паводле Лідзіі Ярмошынай, папярэджанне ёсць тою неабходнай і, магчыма, занадта мяккаю мераю, якою ЦВК павінна абмежавацца ў дачыненні групы Уладзіміра Някляева.

belsat.eu
https://youtu.be/aTLDeTzlP0Y

Глядзі таксама
Каментары