27-е Басовішча ў Гарадку


Па маленькім мястэчку бадзяліся кампаніі маладых людзей і некаторыя з іх праз пахмелле выглядалі не вельмі, а са сцэны было чуваць саўндчэк «Brutto». 22-23 ліпеня прайшоў 27-ы Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча».

Гэта ўжо даўно не адзіны оўпэн-эйр беларускай музыкі. Не гледзячы на гэта, штогод сюды з’язджаюцца беларусы, для якіх Басовішча – рацыянальна невытлумачальны рытуал і покліч душы.

Басы – традыцыйнае месца сустрэч стыпендыятаў праграмы імя Каліноўскага розных гадоў, якіх навучанне раскідала па ўсёй Польшчы. Сюды часцяком едуць апазіцыянеры і актывісты пераважна з памежных беларускіх гарадоў. Калісьці Басовішча было ледзь не адзінай выспай культурнай свабоды: беларуская музыка, якой не пачуеш у Беларусі, вакол сябры і аднадумцы. Натуральна, такая атмасфера разнявольвае.

Сёлета тут гралі «Дзецюкі» і «Brutto». Гэтыя два гурты неаднойчы выступалі разам у Беластоку і Варшаве, падцягваючы заангажаваную публіку з Беларусі. Сёння іх канцэрты на радзіме праз ідэалагічныя прычыны наўрадці магчымыя. Таксама «Крамбамбуля», «Зніч», «B:N:», «Ilo&friends» – старыя добрыя калектывы, якія гралі на Басах неаднойчы.

Традыцыйны конкурс маладых выканаўцаў выйграў бэнд з Горадні «.К». Арганізатарка Ганна Пякарская распавяла belsat.eu, што сёлета ўдалося вынайсці нарэшце ідэальную форму гэтай часткі фестывалю. З 40 заявак адабралі 10 гуртоў, якіх папярэдне праслухалі ў Менску. Палова з іх выступіла ў Гарадку ў першы конкурсны дзень.

Грант 2000 злотых ад войта Гарадоцкай гміны, ратацыя на «Еўрарадыё», «Радыё Рацыя» ды прайм-тайм на наступным Басовішчы – такі сёлетні прыз для пераможцы.

«На Басовішча я езджу з маленства. Мае бацькі арганізавалі першы фестываль, – кажа адна з арганізатарак Дар’я Вапа. – Я не сплю цэлы тыдзень, але пазнаёмілася з такімі людзьмі! Гэта каштоўнасць у маім жыцці. Цяжка было гэта пакінуць».

Ад пачатку галоўны арганізатар найстарэйшага фестывалю беларускай музыкі ў свеце – «Беларуская асацыяцыя студэнтаў», што дзейнічае ў Польшчы. Басы шмат крытыкуюць за адсутнасць прафесіяналізму, маўляў, канцэпцыя не развіваецца, узровень не расце. Сябры «БАС» – колішнія і сённяшнія – у адзін голас паўтараюць, што Басовішча было і ёсць імпрэзай студэнцкай, якую робяць далёка не профі.

Арганізатар першага Басовішча Мікола Ваўранюк з крытыкай не пагаджаецца і кажа, што Басы істотна змянілі беларускую культурную прастору ў Польшчы: «Фестываль перафармаваў парадыгму беларускай культуры тут. Да гэтага беларускасць на Падляшшы атаясамлялася з чыстым фальклорам, вёскай. Да Басовішча не было культуры гарадскіх беларусаў. Вырасла прынамсі два пакаленні маладых людзей – і беларусаў, і палякаў, якія плануюць свае адпачынкі з улікам Басовішча», – расказвае Мікола Ваўранюк.

ХМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары