27 чэрвеня ў Горадні хочуць правесці пікет за адмену дармаедскага дэкрэту


Заяўку на правядзенне акцыі падалі актывісты АГП у Горадні. Яны хочуць правесці пікет у Каложскім парку 27 чэрвеня ад 18:00 да 19:30.

Актывісты патрабуюць поўнай адмены Дэкрэту № 3 і хочуць расказаць гарадзенцам аб праграме «Мільён новых працоўных месцаў».

«Пратэсты заціхлі, таму што нібыта самы галоўны заявіў, што дзеянне Дэкрэту «аб дармаедах» прыпынена. Але насамрэч не адмененае, і да людзей працягваюць прыходзіць, тэлефанаваць з пытаннямі з гэтай нагоды. Мы патрабуем поўнай адмены Дэкрэту № 3! Народ абураны: не можаш стварыць працоўныя месцы для людзей – саступі тым, хто можа, у каго ёсць праграма дзеянняў! Праграма «Мільён новых працоўных месцаў» – гэта рэальная альтэрнатыва дзеянням уладаў, якія ў чарговы раз лезуць да нас у кішэню, прычым цяпер – і да беспрацоўных!», – гаворыцца ў заяве.

Увесну сёлета Маршы недармаедаў прайшлі па ўсёй краіне. У іх паўдзельнічалі тысячы беларусаў, абураных падаткам на беспрацоўе.

У красавіку падчас паслання дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Лукашэнка востра выказаўся пра тых, хто пратэставаў супраць рэалізацыі Дэкрэту №3. Тады ён сказаў, што не выключае вяртанне да «савецкіх метадаў» дзеля таго, каб «прымусіць працаваць кожнага».

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары