Выбух каля аўта лідара ЛНР – баевікі паведамляюць пра цяжкі стан іхнага кіраўніка


Кіраўнік самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» Ігар Платніцкі сёння раніцай атрымаў раненні ў выніку магутнага выбуху, які адбыўся побач з яго аўтамабілем.

Пра гэта паведамляе падкантрольны тэрарыстам ЛНР «Луганскі інфармацыйны цэнтр». Паведамляецца, што Платніцкі шпіталізаваны ў адну з луганскіх лякарняў.

Выбух адбыўся ў Луганску на скрыжаванні вуліц Карпінскага і Ватуціна. Пры выбуху таксама атрымалі раненні некалькі чалавек, пашкоджаныя фасады прылеглых будынкаў, заяўляюць у «ЛНР».

У сваю чаргу адзін з самых актыўных прыхільнікаў «Расейскага свету», экс-чалец Партыі рэгіёнаў Алег Цароў заяўляе, што стан Платніцкага цяжкі, і абвінавачвае ў тым, што адбылося, «украінскіх дыверсантаў».

У Службе бяспекі Украіны пацвердзілі раненне Платніцкага. «Магу сказаць, што гэта толькі пацверджанне таго, што там (на непадкантрольнай Украіны тэрыторыі Данбасу – рэд.) увесь час усё неспакойна, ідзе барацьба за ўладу, грашовыя патокі, і яны дзеляць паміж сабой гэтыя каналы«, – сказаў дарадца старшыні Службы бяспекі Украіны Юрый Тандыт.

Лідар «ЛНР» Ігар Платніцкі праславіўся ў сацсетках пасля відэа, якое зафіксавала як урад «ЛНР» дзяліў між сабою бульбу ды моркву.

У 2014 годзе Генеральная пракуратура Украіны абвінаваціла Ігара Платніцкага і грамадзяніна Расеі Аляксандра Папова ў выкраданні ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі. Згодна з інфармацыяй ведамства, 17 чэрвеня 2014 года яны напалі на батальён «Айдар», захапілі ў палон Саўчанку і вывезлі лётчыцу ў Луганск, дзе некалькі дзён яе дапытвалі ў будынку абласнога ваеннага камісарыяту, а пазней гвалтам вывезлі з Украіны. Справа ўзбуджаная паводле артыкулаў за «незаконнае пазбаўленне волі або выкраданне чалавека», «тэрарыстычны акт», «незаконная перапраўка асоб праз дзяржаўную мяжу Украіны»).

МЯ, паводле unian.ua

Стужка навінаў