Суд пазбавіў кампанію «Гавары праўду» магчымасці працаваць легальна


Ліквідаваць рух “Наперад”, які ўзначальвае Уладзімір Някляеў, – такое рашэнне прыняў сёння Гаспадарчы суд Менску.

Даследча-асветная ўстанова “Рух “Наперад” праводзіць грамадзянскую кампанію “Гавары праўду!”. Ёю кіруе прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзімір Някляеў. Суд прыняў рашэнне пазбавіць рух “Наперад” дзяржаўнай рэгістрацыі.

З позвай у суд звярнуўся Менгарвыканкам. Яго прадстаўнік Дзмітрый Антаневіч сцвярджае, што для рэгістрацыі руху “Наперад” яго кіраўнікі падалі заведама непраўдзівыя звесткі. У прыватнасці, дамова арэнды была падпісаная з гандлёвым прадпрыемствам. Менгарвыканкам настойвае на тым, што размяшчаць офісы ў памяшканнях, функцыянальнае прызначэнне якіх – гандлёвае, не дапускаецца.

29 ліпеня суд задаволіў позву Менгарвыканкаму і прызнаў дамову арэнды офісу несапраўднай. Рух “Наперад” спрабаваў абскардзіць гэтае рашэнне ў апеляцыйным парадку, але беспаспяхова.

Прадстаўнік руху “Наперад” Віктар Сазонаў заявіў у судзе, што ў заканадаўстве няма нормы, дзе вызначаецца, якія памяшканні могуць выкарыстоўвацца для офісаў. А ў прадпрыемства браліся ў арэнду якраз адміністрацыйныя плошчы, а не гандлёвыя.

Паводле Віктара Сазонава, калі Менгарвыканкам лічыць, што гэтыя памяшканні не падыходзяць для офісу, дык ён мусіць забараніць карыстацца імі, а не пазбаўляць арганізацыю рэгістрацыі.

Рух “Наперад” збіраецца абскардзіць гэтае рашэнне. У апеляцыйным парадку ён мае права звярнуцца ў калегію Гаспадарчага суда Менску, у касацыйным – у Найвышэйшы гаспадарчы суд.

belsat.eu

Стужка навінаў