«Белсат» пакажа ролікі ўсіх кандыдатаў


Незалежны спадарожнікавы тэлеканал «Белсат» з 12 кастрычніка пазнаёміць гледачоў з усімі прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта.

Паводле прэс-сакратара «Белсату» Сяргея Пелясы, пра кожнага з патэнцыйных кандыдатаў тэлеканал зняў відэаролік. Кожны атрымае бясплатны эфірны час яшчэ на стадыі збору подпісаў.

Ролікі працягласцю 2–3 хв. распавядуць пра біяграфіі, асабістае жыццё і тэзісы праграмаў прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Кліпы знятыя не ў сухім афіцыёзным стылі, а жыва, цікава і аб’ектыўна.

Ролікі будуць паказвацца ў трох розных блоках па пяць кліпаў з 12 да 26 кастрычніка. Блокі будуць дэманстравацца ў найлепшы эфірны час – пасля інфармацыйнай праграмы «Аб’ектыў» а 17.05 і 21.25 увечары і раніцаю пасля паўтору галоўнага выдання «Аб’ектыву» каля 7.25. Чарговасць паказу ролікаў у рамках блоку будзе ратацыйнаю.

Сяргей Пеляса кажа, што такім чынам усе кандыдаты атрымаюць роўныя магчымасці. Кожная асоба будзе рэпрэзентаваная 8 разоў.

У першы і два апошнія дні эфіру блокі будуць прэзентавацца толькі ў вечаровы час.

Адначасова ролікі будуць размешчаныя і ў інтэрнэце на сайце тэлеканалу www.belsat.eu для тых, хто не мае магчымасці глядзець «Белсат» праз спадарожнік.

Ролікі тых прэтэндэнтаў, што адмовяцца ад прэзідэнцкай гонкі, будуць здымацца з эфіру «Белсату».

На наступным этапе выбарчай кампаніі «Белсат» спрэзентуе ўжо зарэгістраваных кандыдатаў.

Нагадаем, што цяпер подпісы працягваюць збіраць ініцыятыўныя групы 15 патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнта краіны.

Стужка навінаў