Уладзімір Някляеў: Лукашэнка кінуўся ў Кітай, калі тут не дапрацаваныя стасункі ні з Еўропаю, ні з Расеяй


На думку палітыка, беларуская дзяржава мае найперш наладзіць партнёрскія адносіны з блізкімі суседзямі – Еўразвязам ды Расеяй.

“Мы з Еўропаю на сёння не маем нават пагаднення пра супрацу, – адзначыў Уладзімір Някляеў у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”, – праблема з Расеяй узнікла вельмі істотная, а Лукашэнка едзе ў Кітай”. Палітык таксама зазначыў, што кітайскія крэдыты будуць жорстка кантралявацца з боку ўраду гэтай краіны. “Вобразна кажучы, пры кожным юані ў кітайскім крэдыце побач стаіць кітаец”, – заявіў Уладзімір Някляеў.

На думку прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду, вонкавая палітыка Беларусі мае быць шматвектарнаю. “Мы не можам сказаць, што прыярытэт палягае толькі на адносінах з Усходам або толькі на адносінах з Захадам. Краіна, праз якую праходзяць тавары, праходзяць капіталы, не можа павярнуцца ў адзін бок. Гэта не расейская “избушка на курьих ножках”, што павінна стаць да лесу перадам, а да кагосьці – задам”, – падкрэсліў палітык.

belsat.eu

Стужка навінаў