40 дзён з дня гібелі Алега Бябеніна


Сёння споўнілася 40 дзён з дня гібелі журналіста Алега Бябеніна. Сапраўдныя прычыны смерці заснавальніка і кіраўніка сайту charter97.org дагэтуль невядомыя.

Цяпер матэрыялы расследавання па факце гібелі журналіста перакладаюцца на англійскую мову для экспертаў АБСЕ, што маюць узяць удзел у расследаванні гэтай смерці. Тэрмін правярання па факце гібелі Алега Бябеніна пракурор Менскай вобласці працягнуў да 3 лістапада. Комплексная экспертыза цела загінулага завершаная толькі часткова.

Нагадаем, цела журналіста, якое вісела ў пятлі, знайшлі на ягоным лецішчы ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёну Менскай вобласці каля 19.00 3 верасня. Органы пракуратуры пад ціскам грамадскасці распачалі правяранне версіі пра інсцэнізацыю самагубства Алега Бябеніна.

Алег Бябенін нарадзіўся ў 1974 г. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. У 1990-я гг. працаваў намеснікам галоўнага рэдактара недзяржаўнай газеты “Имя”. З 1998 г. быў заснавальнікам і кіраўніком сайту “Хартыя’97” (charter97.org). У яго засталіся жонка і два сыны.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары