Падаткавікі больш не маюць прэтэнзіяў да «Палёнікі»


У непрызнаным Саюзе палякаў пераслед фірмы “Палёніка” з боку падатковай інспекцыі называлі палітычным. Сёння падатковая інспекцыя Ленінскага раёну Горадні адклікала сваю позву супраць фірмы.

Фірма “Палёніка” займалася арганізацыяй курсаў польскай мовы для жыхароў Гарадзеншчыны, а таксама культурніцкіх імпрэзаў у супрацы з непрызнаным беларускімі ўладамі Саюзам палякаў. Аднак сродкі, што атрымлівала “Палёніка” ад польскай арганізацыі “Wspólnota Polska” у межах двухбаковай дамовы, падаткавікі палічылі гуманітарнаю дапамогаю і з гэтай прычыны звярнуліся ў гаспадарчы суд.

Сёння старшыня Гарадзенскага абласнога гаспадарчага суда задаволіў хадайніцтва падатковай інспекцыі аб адкліканні позвы з патрабаванне прызнаць “Палёніку” банкрутам. Аб прычынах такога хадайніцтва не паведамляецца.

“Цягам 15 дзён мы можам абскардзіць гэтае рашэнне суда, аднак у гэты ж тэрмін і падатковая інспекцыя можа наноў звярнуцца ў суд з позваю”, – заявіла Анжэліка Арэхва, лідарка Саюзу палякаў.

У выніку правярання падаткавікоў на “Палёніку” наклалі штраф памерам амаль $ 40 тыс. Аднак у кіраўніцтве фірмы гэтыя дзеянні называюць незаконнымі, бо сродкі, што атрымлівала “Палёніка”, абкладаліся падаткамі і не могуць лічыцца гуманітарнаю дапамогаю з-за мяжы.

belsat.eu

Стужка навінаў