Леанід Злотнікаў: Кітайскія крэдыты не вырашаць фінансавыя праблемы Беларусі


Аддачы ад кітайскіх крэдытаў можна чакаць толькі праз некалькі гадоў. А гэта значыць, што цяжкое фінансавае становішча Беларусі ў бліжэйшы час яны не паправяць. Такое меркаванне выказаў эканаміст Леанід Злотнікаў.

Сёння ў Пекіне падпісаны пакет дакументаў наконт рэалізацыі беларуска-кітайскіх праектаў на 3,5 млрд долараў. Гэта адбылося падчас працоўнага візіту Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле БелТА, бакі падпісалі тры крэдытныя пагадненні, восем камерцыйных кантрактаў і два рамачныя пагадненні наконт рэалізацыі двухбаковых праектаў у сферы энергетыкі, будаўніцтва, прамысловасці і дарожна-транспартавай інфраструктуры.

Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка падкрэсліў выгаднасць гэтых праектаў для абодвух бакоў. Паводле яго, Беларусі гэта дазволіць паскорыць дынаміку развіцця, а Кітаю – асвоіць еўрапейскі рынак і даказаць грунтоўнасць на еўрапейскім кантыненце.

“Гэта крэдыты “звязаныя”: за іх трэба будзе купляць кітайскае абсталяванне і запрашаць кітайскіх спецыялістаў. Таму іх нельга павярнуць ні на папаўненне золата-валютных рэзерваў, ні на павышэнне заробкаў і пенсіяў”, – падкрэсліў Леанід Злотнікаў.

Паводле крэдытных пагадненняў, заключаных з Эксімбанкам КНР, будзе фінансавацца шэраг праектаў: стварэнне інтэлектуальнай транспартавай сістэмы Менску, электрыфікацыя ўчасткаў чыгункі ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях, пастаўкі грузавых электравозаў.
Міністэрства эканомікі Беларусі ды кітайская карпарацыя САМС падпісалі пагадненні з мэтаю стварыць у Беларусі супольны індустрыяльны парк.

Бакі дасягнулі дамоўленасці аб рэалізацыі шэрагу праектаў у прамысловасці ды энергетыцы. У выніку іх рэалізацыі паўстануць тры заводы і дзве электрастанцыі.

Мэта інвестыцыйнай дамовы з ТАА “Пекін Юні-Канстракшн Груп” – будаўніцтва ў Менску гатэльнага комплексу “Пекін”.

Кітайскі бок бярэцца фінансаваць рэканструкцыю дзейнага аэравакзальнага комплексу Нацыянальнага аэрапорту “Менск” пад сучасны міжнародны пасажырскі тэрмінал.

belsat.eu

Стужка навінаў