Напад на амбасаду Расеі


Невядомыя кінулі на тэрыторыю расейскай амбасады ў Менску дзве бутэлькі з выбуховаю сумессю. У выніку згарэў службовы аўтамабіль расейскіх дыпламатаў.

Як паведамляюць у аддзеле інфармацыі ГУУС Менгарвыканкаму, 30 жніўня а 22:20 працаўнікі спецыяльнага батальёну міліцыі ўпраўлення дэпартаменту аховы МУС Беларусі ў справе аховы дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў, якія ахоўвалі пасольства РФ, заўважылі падчас абходу тэрыторыі, што загарэлася службовае аўта “Мазда-3”.

“Падчас агляду месца здарэння працаўнікі следча-аператыўнай групы Цэнтральнага РУУС Менску знайшлі шкляную бутэльку ёмістасцю 0,33 л з-пад слабаалкагольнага напою з рэшткамі выбуховай сумесі, а таксама аскепкі шкляной бутэлькі з рэшткамі кноту”, – паведаміў прэс-сакратар ГУУС Аляксандр Ластоўскі.

Цяпер на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. Мяркуецца, што гэты ўчынак з хуліганскімі намерамі здзейснілі два чалавекі, асобы якіх высвятляюцца.

Амбасада Расеі накіравала ноту ў МЗС Беларусі. У ёй утрымліваецца просьба паспрыяць у расследаванні здарэння і не дапусціць гэткіх інцыдэнтаў надалей.

“Расейскі бок настойвае на правядзенні аператыўнага і дбайнага расследавання ўсіх варункаў гэтага здарэння, на выяўленні ды пакаранні арганізатараў і выканаўцаў злачынства. Зыходзім з таго, што праваахоўныя органы Рэспублікі Беларусь зробяць усе неабходныя захады для безумоўнага недапушчэння падобных акцыяў надалей”, – падкрэсліваецца ў заяве.

Падрабязней – у галоўным выданні “Аб’ектыву” а 21:00.

belsat.eu
31.08.2010
Фота bymedia.net

https://youtu.be/ZolOAt7VElA

Глядзі таксама
Каментары