Уладзімір Някляеў заступіўся за рэпрэсаваных чыноўнікаў


Кампанія “Гавары праўду!” прэзентавала новы праект пад назваю “Улада за кратамі”. Адмыслова створаны сайт змяшчае інфармацыя пра гучныя справы супраць беларускіх чыноўнікаў.

Паводле Уладзіміра Някляева, прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду ды лідара кампаніі “Гавары праўду!”, адна з мэтаў праекту – нагадаць беларусам, “як і на чым Лукашэнка прыйшоў да ўлады”. Палітык заявіў, што прэзідэнцкія выбары ў 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка выйграў дзякуючы абяцанням знішчыць карупцыю. “Насамрэч карупцыя разраслася, карані яе яшчэ глыбей ураслі ў цела дзяржавы”, – падкрэсліў Уладзімір Някляеў.

Стваральнікі праекту ўпэўненыя, што за час праўлення Аляксандра Лукашэнкі рэальнай барацьбы з карупцыяй не было. Шмат хто з чыноўнікаў трапіў за краты праз палітычныя матывы. “У любы момант на любога з іх могуць начапіць кайданкі, прычым публічна, – кажа Уладзімір Някляеў. – Гэта значыць не толькі пасадзіць за краты, але і прынізіць, маральна знішчыць, зганьбіць, зняславіць, каб усе і кожны ведалі, у чыіх руках іхны лёс. І баяліся”.

Уладзімір Някляеў таксама дадаў, што праект “Улада за кратамі” – гэта гісторыя рэпрэсіяў Аляксандра Лукашэнкі супраць свайго ж дзяржаўнага апарату. “Мы не прэтэндуем на адкрыццё, мы толькі абагульнім, каб стала відавочна, што ахвяраю нічым неабмежаванай улады можа стаць кожны, што нікога не ўратуе аніякая лаяльнасць”, – падкрэсліў палітык.

belsat.eu

Стужка навінаў