Грамадзянам Украіны будзе лягчэй уладкавацца на працу ў Беларусі


Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб знаходжанні грамадзянаў Украіны ў Рэспубліцы Беларусь».

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі, указ прыняты ў сувязі з тым, што цяпер назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння колькасці ўцекачоў у Беларусь з Данецкай і Луганскай вобласцяў, прававы статус якіх трэба ўрэгуляваць.

Указ спрашчае працэдуру прызначэння дзяржаўнай дапамогі грамадзянам Украіны, а таксама дазваляе грамадзянам Украіны, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, атрымліваць дашкольную, агульную сярэднюю і спецыяльную адукацыю нароўні з няпоўнагадовымі беларускімі грамадзянамі.

Паводле ўказу, дзеці ўцекачоў з Украіны могуць быць прынятыя ў ў школы і вучэльні Беларусі без адпаведных дакументаў, якія не могуць быць пададзеныя праз аб’ектыўныя прычыны. Гэта дазволіць дзецям працягнуць адукацыю і атрымаць дапамогу (бясплатнае карыстанне падручнікамі і навуковымі дапаможнікамі; забеспячэнне харчаваннем; забеспячэнне месцамі для жыцця ў інтэрнатах; транспартнае забеспячэнне і іншае).

Указ вызваляе грамадзянаў Украіны ад выплаты дзяржаўнага мыта за дазволы на працу ў нашай краіне, наймальнік не мусіць плаціць за выдачу дазволаў на прыцягненне ў Беларусь працаўнікоў з замежжа. Пры гэтым пастанова аб выдачы (адмове ў выдачы) адмысловых дазволаў грамадзянам Украіны на працу ў Беларусі мусіць прымацца цягам 5 дзён, а тэрмін заключэння аб магчымасці (немагчымасці) наняць іх на працу не мусіць перавышаць двух працоўных дзён.

Прыняцце ўказу не пацягне дадатковых выдаткаў з нацыянальнага бюджэту, падкрэсліваюць у прэс-службе кіраўніка Беларусі.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў