ДНР мае намер узняць у Менску пытанне пра абмен палоннымі «ўсіх на ўсіх»


«Данецкая народная рэспубліка» мае намер на перамовах кантактавай групы датычна сітуацыі ва Украіне, паседжанне якой пройдзе 1 верасня ў Менску, узняць пытанне пра абмен палоннымі паводле формулы «ўсіх на ўсіх». Цяпер прыблізна 300 тэрарыстаў застаюцца ў палоне ва ўкраінскіх сілавікоў і прыблізна 1 тыс. лічацца зніклымі без вестак, паведаміў у інтэрв’ю расейскаму агенцтву «РИА Новости» так званы «віцэ-прэм’ер» ДНР Андрэй Пургін.

«Мы спрабуем пераканаць украінскі бок, што трэба абменьваць «усіх на ўсіх», але на сённяшні дзень пакуль беспаспяхова. Прычым, наколькі я разумею, еўрапейскі бок нас у гэтым падтрымлівае, як і расейскі», – адзначыў прадстаўнік тэрарыстычнай арганізацыі.

«Мы дакладна ведаем, што 300 з лішнім чалавек у палоне, больш за тысячу чалавек – зніклых без вестак. Тым не менш, магу вам прывесці прыклад, калі была дамоўленасць (з Украінай – belsat.eu) мяняць 20 на 20 чалавек, яны (украінскі бок – belsat.eu) 6 чалавек замянілі. Мы прымусілі нашых 6 чалавек вярнуць. Але калі абмен адбыўся, тых 6 чалавек, якія былі «ўстаўлены» ўкраінскім бокам, няма ні ў адным спісе, ні ў спісе зніклых без вестак, ні ў спісе палонных. Але гэта былі нашыя людзі. Гэта гаворыць, што гэтыя лічбы ў разы, калі не на парадак, большыя», – дадаў Пургін.

«Віцэ-прэм’ер» ДНР будзе ўдзельнічаць ад «Данецкай народнай рэспублікі» ў сустрэчы кантактавай групы для ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне, якая пройдзе ў Менску 1 верасня.



«Сустрэча адбудзецца ў Менску ў панядзелак, ад ДНР буду ўдзельнічаць я», – сказаў Пургін падчас візіту ў Маскву, дадаўшы, што яму невядома, хто будзе на перамовах ад кіеўскіх ўладаў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў