«Украіна абараняе Еўропу»


Украінскае войска ідзе ў наступ у Луганскай вобласці. Адначасова з гэтым у Данецкай вобласці батальёны ўнутраных войскаў выходзяць з акружэння пад Ілавайскам. Хаця гуманітарныя калідоры, прапанаваныя напярэдадні Уладзімірам Пуціным, аказаліся пасткаю, сцвярджаюць украінскія крыніцы. Байцы, якія адступалі, трапілі пад моцны артабстрэл. Таксама сілавікі паведамляюць, што расейская бронетэхніка цалкам знішчыла адно з сёлаў на Луганшчыне.

{movie}«Украіна абараняе Еўропу»|right|18176{/movie}

АНДРЭЙ ЛЫСЕНКА, РАДА НАЦБЯСПЕКІ УКРАІНЫ:
«Эксперты кажуць, што гэта «чачэнскі стыль» расейскай арміі: калі ў іх ёсць падазрэнне, што ў нейкім будынку можа быць праціўнік, будынак знішчаюць».

Чачэнцы на Данбасе ёсць, яны самі публікуюць у інтэрнэце відэа з вайны. А жыхары Марыупалю, на які з Таганрогу наступае бранятэхніка, працягваюць будаваць умацаванні.

ТАЦЦЯНА ІГНАТЧАНКА, ЖЫХАРКА МАРЫУПАЛЮ:
«Я журналістка, але найперш я жыхарка Марыупалю. Учора я прыехала сюды паздымаць, як людзі працуюць, сёння я прыехала сюды ім дапамагаць. Бо я ведаю: калі не мы, то ніхто не абароніць нашага гораду».

Сёння Украіна не проста змагаецца за незалежнасць, а абараняе межы Еўропы – з такім пасланнем паехаў у Брусель Пятро Парашэнка. У кіраўнікоў краінаў Еўразвязу ён просіць дапамогі – і дапамогі хуткай.

ПЯТРО ПАРАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ УКРАІНЫ:
«Мы чакаем, што ў найбліжэйшыя дні, пачынаючы з панядзелка, мы зможам прадэманстраваць сапраўдны прагрэс у мірных перамовах. Чаму? Бо мы занадта блізка да мяжы, за якою ўжо не будзе вяртання да мірнага плану».

Еўропа, падобна, усё ж наважылася зноўку ўжыць самую моцную з мірных зброяў – санкцыі. Але якой магутнасці?

ФРАНСУА АЛЯНД, ПРЭЗІДЭНТ ФРАНЦЫІ:
«Санкцыі, напэўна, будуць узмоцненыя, і Еўрапейская камісія будзе працаваць над павышэннем іх узроўню».

МАРЦІН ШУЛЬЦ, СТАРШЫНЯ ЕЎРАПАРЛАМЕНТУ:
«Калі ёсць акт агрэсіі, то мы мусім рэагаваць і паглыбіць санкцыі так, каб паўплываць на расейскую эканоміку, зачапіць нервы расейскай эканомікі, і гэта непазбежна. Мы мусім падрыхтаваць жыхароў Еўразвязу, што будзе рыкашэт гэтых санкцыяў па нашай уласнай эканоміцы, але гэта неабходна».

Найбольш сур’ёзна да вайны ва Украіне ставяцца краіны Усходняй Еўропы, якія яшчэ памятаюць савецкую акупацыю.

ДАЛЯ ГРЫБАЎСКАЙЦЕ, ПРЭЗІДЭНТ ЛІТВЫ:
«Расея адкрыта і непасрэдна бярэ ўдзел у падзеях ва Украіне, яна ў стане вайны супраць Украіны, якая хоча быць бліжэй да Еўропы. Значыць, Расея практычна ваюе супраць Еўропы. Трэба дзеяць. Трэба вайсковае падтрыманне, і нам трэба адпраўляць вайсковыя грузы ва Украіну».

Паводле Пятра Парашэнкі, Украіна і не разлічвае на натаўскія войскі. Але новыя санкцыі супраць Расеі і сучаснае ўзбраенне для ўкраінскіх жаўнераў могуць прыпыніць вайну.

Марцін Ярскі, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў