У Расеі жорстка збілі актывіста, які расследаваў адпраўку дэсантнікаў ва Украіну


Расейскі апазіцыйны палітык Леў Шлосберг высвятляў абставіны адпраўкі пскоўскіх дэсантнікаў ва Украіну. Непадалёк ад дому дзеяча на яго напалі невядомыя.

Пра гэта на сваёй старонцы ў «Тўітэры» напісаў расейскі палітык Грыгорый Яўлінскі.

Напад адбыўся ўвечары ў пятніцу, 29 жніўня, у 300 метрах ад жытла палітыка. На Шлосберга напалі двое невядомых маладзёнаў ды жорстка збілі.

«Учынены напад на лідара пскоўскага «Яблыка» (назва расейскай партыі – belsat.eu) Льва Шлосберга. У яго сур’ёзная чэрапна-мазгавая траўма, страта памяці. Лічу, што напад на Шлосберга звязаны з яго расследаваннем адпраўкі пскоўскіх дэсантнікаў ва Украіну», – падаў Яўлінскі.

Журналістам расейскага незалежнага тэлеканалу «Дождь» і онлайн-выдання «Русская планета» пагражаюць за празмерную цікавасць да загінулых пскоўскіх дэсантнікаў. Невядомыя званілі ды казалі карэспандэнтам, што іх «ніхто не знойдзе». Пасля гэтага на журналістаў напалі прама на могілках пад Псковам.

МЯ, belsat.eu, паводле unian.net

Стужка навінаў