Гомельскі актывіст абвесціў у ізалятары галадоўку


Арыштаваны на 5 дзён Кастусь Жукоўскі абвесціў галадоўку ў ізалятары часова ўтрымання гомельскага Упраўлення ўнутраных справаў. Працаўнікі ізалятара не прынялі для яго нават ваду.

Жонка актывіста Алена Жукоўская паспрабавала перадаць мужу цёплыя рэчы, бутэльку з вадой і вітаміны, аднак у ІЧУ нічога не прынялі, растлумачыўшы гэта тым, што «Жукоўскі мае дробнае парушэнне».

Жыхара Гомля затрымалі 25 жніўня АМАПаўцы ў двары ўласнага дому. Прычым міліцыю, а менавіта супрацоўнікаў ДАІ, Жукоўскі сам жа і выклікаў: цяжкавікі з суседняй будоўлі заблакавалі яму ўезд у двор, а на просьбы вызваліць праезд кіроўцы не рэагавалі. На выклік разам з ДАІшнікамі прыехалі АМАПаўцы, якія потым і затрымалі актывіста, паставіўшы яму ў віну «непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі» (артыкул 23.4 Кодэксу адміністратыўных правапарушэнняў).

На судзе Жукоўскі заявіў, што не парушаў закону. Працаўнік ДАІ адразу ж пасля прыезду запатрабаваў ад актывіста прайсці ў службовы аўтамабіль, не тлумачачы прычынаў. Калі Жукоўскі адмовіўся, АМАПаўцы «правялі» яго ў службовы аўтамабіль, даставілі ў Цэнтральны РАУС, а затым у ізалятар.

Суд над актывістам адбыўся 28 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля. Суддзя Вольга Казлова прыгаварыла Жукоўскага да пяці содняў адміністрацыйнага арышту ў ізалятары.

Канстанцін Жукоўскі ў знак салідарнасці з украінскім народам вывесіў на даху ўласнага дому ўкраінскі сцяг.



МЯ, belsat.eu, паводле spring96.org, БелаПАН

Стужка навінаў