Новыя ідэі камунальнікаў


Навесці парадак у сваёй гаспадарцы абяцае самое… Міністэрства ЖКГ. Гэтым разам галоўнае – спажыўцы. Цяпер, калі ў кватэры цягам дня халадней за 18 градусаў або тэмпература гарачай вады цягам трох дзён меней за 50 градусаў, работнікі будуць несці адміністратыўную адказнасць. Праўда, пры ўмове, што яны маглі, але нічога не зрабілі. Зменіцца і структура, ужо з наступнага года ў Менску зліквідуюць ЖЭСы і далучаць іх да ЖРЭА. Жыхары сталіцы ставяцца да гэтага эксперыменту з насцярогаю.

{movie}Новыя ідэі камунальнікаў|right|18167{/movie}

ЖЫХАРКА МЕНСКУ:
«ЖЭС заўсёды быў бліжэй да дому, яны ж на месцы, а ЖРЭА адзін на раён. Мне падаецца, што чым бліжэй эксплуатацыйная служба да дому, тым больш яна эфектыўна працуе».

Чыноўнікі ж маюць намер стварыць у сталіцы максімальна эфектыўную структуру ўпраўлення ЖКГ, на прыкладзе якой перафарматуюць і ўсе астатнія ў краіне. Дэклараваная мэта – аптымізацыя колькасці працаўнікоў, празрыстасць фармавання тарыфаў, павышэнне плацёжнай дысцыпліны, кантроль за выкарыстаннем сродкаў і зніжэнне сабекошту паслугаў. Жыхароў жа цікавяць іншыя аспекты, сярод якіх – перадусім якасць працы.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
«Калі не будуць красці, а будуць працаваць у свой кааператыў, то гэта будзе эфектыўна».
«Мне вельмі кепска праз тое, што ЖРЭСы кудысьці там прыбіраюць».
«Мне падаецца, што лепш, калі адносіліся да ЖЭСу».

А вось вынік рэформаў, на які акцэнтуюць увагу чыноўнікі, – эканомія для бюджэту да 2020 года памерам больш за Br 2,3 трлн. Перадусім праз скарачэнні штатных адзінак і кампенсацыі насельніцтвам сабекошту на паслугі ЖКГ да 100 %. Цяпер мы плоцім прыблізна 30 %, а налета паказнік давядуць да 50 %. Скароцяцца таксама і датацыі з боку бюджэту.

ВІКТАР КЛІМЕНКА, ПРЫВАТНЫ ЖЭС:
«Менавіта ў тым выглядзе, у якім зараз спрабуюць паказаць, – гэта толькі вымушаная захада для таго, каб зэканоміць грошы, а ў прынцыпе рэформа сапраўды вельмі неабходная ў сферы ЖКГ».

І на думку большасці жыхароў, рэформа ЖКГ мусіць весці не да цэнтралізацыі, але ў адваротным кірунку.

ЖЫХАРКА МЕНСКУ:
«У нас дом, скажам так, адносіцца не да ЖЭСу, але да таварыства прыватнікаў. І менавіта гэтая форма арганізацыі ўпраўлення камунальнай гаспадаркі мне падаецца найбольш правільнаю».

Але акурат такі бок рэфармавання адмысловая група адмыслоўцаў, сабраная кіраўніком краіны для выпрацоўкі законапраекту аб рэфармаванні сістэмы ЖКГ, нават не прадугледжваецца. Калі і гучаць словы аб прыватных ЖЭСах, то альбо нават не як пра альтэрнатыву, але як выключэнні…

Сяргей Скулавец, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў