Быў дыктатарам, будзе – «стратэгічным партнёрам»?


Украіна – адна з галоўных тэмаў і размоваў у Варшаве, дзе сёння працягнуўся візіт беларускага міністра замежных справаў Уладзіміра Макея. На фоне ўкраінскага крызісу адносіны Беларусі і Польшчы заўважна пацяплелі. Больш не чуваць патрабаванняў вызваліць палітвязняў, а «апошні дыктатар Еўропы», як зусім нядаўна называлі Лукашэнку, нечакана стаў стратэгічным партнёрам.

{movie}Быў дыктатарам, будзе – «стратэгічным партнёрам»?|right|18157{/movie}

У польскую сталіцу Уладзімір Макей прыбыў на два дні на запрашэнне свайго калегі РадославаСікорскага.
«Я цешуся з прагрэсу ў двухбаковым дыялогу паміж Польшчаю і Беларуссю. Мы ўсе ведаем, што ў нашых дачыненнях ёсць праблемы. Але мы з’яўляемся суседзямі, таму добра, што консульскія дэпартаменты размаўляць паміж сабою», – заявіў польскі міністр.

Сярод асноўных тэмаў двухбаковай супрацы – умовы ў галіне асветы, гістарычны дыялог ды актуалізацыя дамоўна-прававой базы. Адным словам, шматлікія пытанні, якія праз палітычнае непрыманне бакоў, раней не абмяркоўваліся.

Супраца краінаў, асабліва ў гаспадарцы, актывізавалася з-за расейскага эмбарга на шэраг заходніх харчоў, у тым ліку з Польшчы.

Беларусь апынулася своеасаблівым буферам, праз які польскія прадукты трапляюць на расейскі рынак. Ужо неўзабаве паўстане супольнае прадпрыемства ў перапрацоўцы польскай харчовай сыравіны, дзякуючы якому прадукты з Польшчы пойдуць у Расею пад маркай «зроблена ў Беларусі».

«Не было ні гроша, а раптам алтын» – бадай гэтак найлепш можна апісаць актуальную пазіцыю афіцыйнага Менску на міжнароднай арэне. Пасля гадоў ізаляцыі, супрацоўнічаць з Беларуссю жадаюць, як у палітычных пытаннях, гэтак і ў эканамічных. Пры гэтым нічога не патрабуючы ўзамен. Ужо няма ўзгадак ні пра недэмакратычныя выбары, ні палітычных вязняў.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Стужка навінаў