На фоне вайны курс расейскага рубля ўпаў да гістарычнага мінімума


Прагнозы экспертаў разыходзяцца: адны прадракаюць далейшае паслабленне рубля, іншыя раяць пераводзіць грошы ў валютовыя дэпазіты

Праз апасенні наконт новых санкцый Захаду ў адносінах да Расеі курс долара перавысіў 37 рублёў. Раней паведамлялася, што прэзідэнт ЗША і канцлер Нямеччыны лічаць патрэбным разгледзець магчымасць увядзення новых санкцый праз падзеі ва Украіне.

Кіраўнік прэс-службы Маскоўскай біржы Мікіта Бекасаў настроены аптымістычна і кажа, што трэйдэры ў свеце не бачаць прычын для далейшага падзення курса рубля. «Гэты ліміт у 37 рублёў за долар, на наш погляд, з’яўляецца свайго роду верхнім лімітам, у якім мы назіраем ваганні расейскай валюты ў параўнанні з доларам», – адзначыў Мікіта Бекасаў.

Але такое меркаванне падзяляюць не ўсе. Галоўны эканаміст АФК «Сістэма» Яўген Надоршын лічыць, што да канца года долар будзе каштаваць 38 рублёў. Ён рэкамендуе вольныя сродкі размясціць на валютовых дэпазітах. З ім пагаджаецца і прафесар кафедры фондавага рынка і рынка інвестыцый НДУ «Вышэйшая школа эканомікі» Аляксандр Абрамаў, які адзначае, што стаўкі па рублёвых дэпазітах не дазваляюць абараніцца ад інфляцыі.

Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што на дадзены момант на курс расейскага рубля больш уплывае геапалітыка, а не макраэканамічныя фактары. Гэта азначае, што пры адыходзе ад эскалацыі канфлікту ва Украіне, рубель будзе ўзмацняцца.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў