Гандбольны клуб БГК пампезна прэзентаваў каманду (фотарэпартаж)


Чэмпіёны Беларусі вырашылі адкрыць сезон дарагою і пампезнаю прэзентацыяй клубу, на якую прыйшлі больш за тры тысячы асобаў.

Прэзентацыяў з такім размахам у Беларусі, напэўна, не рабіў ніхто. Гітом прэзентацыі стаў выступ расейскіх рок-зорак: гуртоў «БИ-2» і «Чайф». А вядоўцам імпрэзы выступіў беларускі шоўмен – Іван Вабішчэвіч.

БГК прэзентаваў новы гімн, форму, талісман клубу і трох новых гульцоў: славенца Сімона Разгора, аўстрыйца Янка Божавіча і серба Ніколу Манойлавіча.

Нагадаем, што дванаццаць гадоў таму каманду ў памяць пра свайго бацьку стварыў топ-менеджар «Газпрому», а цяпер кіраўнік «ТрангазБеларусь» Аляксандр Мяшкоў. З таго часу БГК шэсць разоў выйграваў чэмпіянат Беларусі і сем разоў браў нацыянальны кубак. Пазней у беларускім гандболе з’явіўся іншы супер-клуб – менскае Дынама,якое выхапіла ў БГК званне флагмана беларускага гандбола. Аднак пасля нечаканага банкруцтва «Дынама» ў лютым сёлета, кубак і тры лепшых гульцы вярнуліся ў Берасце.

У гэтым сезоне БГК плануе пашумець у Еўропе. Аляксандр Мяшкоў заявіў журналістам: «Мы пачынаем сезон нестандартна, і гатовыя на навацыі – ствараць новы прадукт. Мы вярнулі чэмпіёнства і Кубак ў Берасце, у нас амбітныя планы: выйсці з групы Лігі чэмпіёнаў, патрапіць у «фінал чатырох» SEHA-лігі, перамагчы ў чэмпіянаце і Кубку Беларусі. Стварыць прадукт які будзе цікавы для береасцейскага бізнесу. Мы ўдасканальваемся і развіваемся».

У гэтым годзе выступ у чэмпіянаце Беларусі БГК пачне з фінальнага этапа, які пачнецца у сакавіку наступнага года. А да гэтага часу берасцейская каманда будзе гуляць у міжнародных турнірах: SEHA-лізе і Лізе чэмпіёнаў. У апошнім турніры БГК давядзецца прайсці кваліфікацыю, матчы прызначаныя на 6-7 верасня. У супернікі берасцейцам на гэтым этапе турніра дасталіся галандскі «Таргос Бевос Панінген», славацкі «Татран» і сербская «Вайводзіна».

Кваліфікацыя пройдзе ў Берасці ў фармаце «фінал чатырох». У першы дзень у паўфінале «мяшкоўцы» згуляюць з клубам з «Паннінгена», у выпадку поспеху ў фінале сустрэнуцца з пераможцам пары «Татран» і «Вайводзіна». Заўважым, што два апошнія клубы з’яўляюцца супернікамі БГК і па інтэрнацыянальнай SEHA-лізе.

У выпадку паспяховага праходжання кваліфікацыі ў групавым раўндзе турніру супернікамі БГК могуць стаць нямецкі «Кіль», македонскі «Металург», харвацкі «Заграб», іспанскі «Лагроньё» і французскі ПСЖ.

Алесь Ляўчук, фота МіланыХарытонавай belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары