Выкінулі на двор


Менчука Станіслава Кузняцова і ягоную няпоўнагадовую сястру сёння літаральна выкінулі на двор. Рашэнне аб высяленні з кватэры ў доме № 48 на вуліцы Кунцаўшчына прыняў суд Фрунзенскага раёну Менску ў асобе суддзі Святланы Місуны яшчэ некалькі гадоў таму.

{movie}Выкінулі на двор|right|18143{/movie}

СТАНІСЛАЎ КУЗНЯЦОЎ:
«Уся гісторыя пачалася ў 2011 годзе, калі з кватэры выпісаўся галоўны кватэранаймальнік – айчым. Момант безадказнасці быў ужо тады. Яны ж бачылі ў пашпартным стале, што ён галоўны м, а ў кватэры жыве няпоўнагадовае дзіцё».

Кватэра перабывае на балансе ЖРЭА Фрунзенскага раёну сталіцы. Пасля разводу маці Станіслава Раіса Каташэвіч, якая, дарэчы, працавала ў гэтай структуры, звярнулася ў суд, каб атрымаць правы галоўнага наймальніка службовай кватэры. Аднак жанчыне адмовілі. Каб абараніць сваё жытло, людзі прайшлі ўсе магчымыя інстанцыі. Адна з першых –кабінет старшыні менскага Гарвыканкаму.

СТАНІСЛАЎ КУЗНЯЦОЎ:
«Да Ладуцькі трапіць немагчыма. Там сядзела жанчына, якая пачала крычэць на маю маму і спыталася: у якім пытанні?! Маці адказала: у асабістым. Яна сказала: у асабістым будзеце размаўляць на кухні! Пасля нас папросту выгналі».

Ні суд, ні чыноўнікаў не пераканаў факт: жанчына адпрацавала ў структурах ЖРЭА Фрунзенскага раёну 12 гадоў, што, паводле прэзідэнцкага Указу № 565, можа адкрыць ёй дарогу да прыватызацыі кватэры. Аднак Жыллёва-рамонтавае аб’яднанне па-свойму тлумачыць закон. Пераканаліся ў гэтым і праваабаронцы.

АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА:
«Яны гэта інтэрпрэтуюць наступным чынам: калі ты перайшоў з адной структуры ЖРЭА Фрунзенскага раёну ў другую, то гэта не лічыцца, што ты адпрацаваў на адным месцы 10 гадоў. На нашую, а мы ўжо дапамаглі людзям са ЖРЭА, яны павінны заставацца, бо не пакідалі свайго месца працы».

Замест гэтага некалькі гадоў людзі вымушаныя былі жыць у няўпэўненасці ды страху. Сёння ж адбылося тое, чаго баяліся больш за ўсё. На парозе кватэры з’явіліся ўжо судовыя выканаўцы.

Спыніць высяленне было немагчыма.

ТАЦЦЯНА НАВАДВОРСКАЯ, СУДОВЫ ВЫКАНАЎЦА:
«Вясяленне адбываецца паводле пастановы суда, якая ўвайшла ў сілу. Такая пастанова абавязковая да выкання для ўсіх грамадзянаў нашай краіны. Каментаваць пастанову суда мы не маем права».

Таму, як кажа сам Станіслаў Кузняцоў, апошняя ягоная надзея ў найвышэйшай уладзе. Каб распавесці пра драму сваёй сям’і, маладзён выклаў у сеціва зварот да прэзідэнта.

СТАНІСЛАЎ КУЗНЯЦОЎ:
«Паважаны прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка! Я звяртаюся да вас ад імя ўсёй маёй сям’і. Без вашай дапамогі справядлівае развязанне нашага пытання не бачыцца магчымым».

Аднак ці дапаможа ён? Вядома, што кватэру на вуліцы Кунцаўшчына некалькі месяцаў таму перавялі ў катэгорыю камерцыйнага жытла. Нават не дачакаўшыся высялення.

Ян Бабіцкі, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў