Прадстаўнікі ЕЗ прывезлі з Менску ў Брусель расчараванне


Расчараванне. Менавіта гэтым словам, напэўна, шмат хто ў Бруселі ацэньвае сёння перамовы кіраўнікоў Расеі, Украіны, Беларусі, Казахстану з трыма еўракамісарамі, якія адбыліся ўчора ў Менску. Гэтага слова не знойдзеш у прэс-рэлізах Еўракамісіі ды не пачуеш у афіцыйных заявах яе прэс-сакратароў. Але яно лунае ў кулуарах і яно «крычыць» з фотаздымкаў.

{movie}Прадстаўнікі ЕЗ прывезлі з Менску ў Брусель расчараванне |right|18115{/movie}

Некаторыя сусветныя медыі абляцеў здымак, дзе Аляксандр Лукашэнка неяк няёмка запрашае ўкраінскага прэзідэнта паціснуць руку Уладзіміру Пуціну. Пуцін з’едліва ўхмыляецца, а вось Парашэнка, а гэта бачна на здымку, зусім не хоча рабіць таго, што яму настойліва прапаноўваюць.

1492933
Парашэнка і Пуцін паціскаюць рукі. Фота AP

Не ўбачыш шчаслівых, задаволеных твараў і на брыфінгу еўракамісараў у Менску, хутчэй, на іх – заклапочанасць і зноў жа расчараванне. Тым не менш віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Кэтрын Эштан назвала перамовы ў Менску «сардэчнымі ды пазітыўнымі». А ў самой Еўракамісіі сёння ў Бруселі дадаюць яшчэ адное слова – «канструктыўныя».

«Расея мусіць і Украіна мусіць знайсці рашэнні, якія б значылі мір ва Украіне, мір і стабільнасць ва Украіне, – адзначыў прэс-сакратар еўракамісара Штэфана Фюле Пэтэр Стана. – Гэта вельмі важна для Еўразвязу, гэта вельмі важна для Украіны і Расеі. І мы думаем, што гэта вельмі важны аспект сустрэчаў у Менску, што прэзідэнты Украіны і Расеі сустрэліся, яны размаўлялі. Мы думаем, што сустрэча ў Менску была канструктыўнай».

Дарэчы, менавіта дзеяслоў «размаўлялі» і пераважае ў іншых заявах і сённяшніх брусельскіх прэс-рэлізах. Але ў іх не знойдзеш словазлучэння «прынялі рашэнне» ці «прыйшлі да пагаднення». Не засмучае прадстаўнікоў Еўразвязу і тое, што паразмаўлялі яны ў «краіне апошняга дыктатара Еўропы», як часта ў Еўразвязе называлі Беларусь.

Спадар Пэтэр Стана адзначыў: «Мы атрымалі запрашэнне на сустрэчу Мытнага саюзу ў Менску, мы прыехалі ў Менск, але гэта не быў візіт у Беларусь. Гэта не быў двухбаковы, афіцыйны візіт у Беларусь. Гэта была сустрэча Мытнага саюзу ў Менску, куды Еўразвяз атрымаў запрашэнне. Мы прыехалі, і мы мелі гутаркі з прадстаўнікамі Мытнага саюзу. А таксама з прэзідэнтам Украіны і прэзідэнтам Расеі».

Дарэчы, апошні здзівіў шмат каго, у тым ліку і на Захадзе, сваёй заяваю наконт таго, што «Украіна мусіць дамаўляцца аб замірэнні непасрэдна з сепаратыстамі», – нібыта кіраўніцтва Расеі за тое, што адбываецца цяпер ва ўсходняй Украіне, ніякай адказнасці не нясе. А дакладней, не хоча несці. Але гэтую заяву Пуціна кіраўніцтва Еўразвязу пакінула без каментароў.

Але, як жартуюць сёння ў брусельскіх кулуарах, як мінімум адзін пазітыўны аспект учорашняга «неафіцыйнага» і «не двухбаковага» візіту еўракамісараў у Менск усё ж такі ёсць. Цяпер яны, прынамсі, ведаюць, як да нас ляцець. А, значыцца, ёсць спадзеў, што аднойчы прылятуць да нас ізноў. На гэты раз, з афіцыйным візітам.

Алесь Сіліч, Брусель, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары