Жаўнерскія маці склалі спіс з 400 забітых і параненых расейскіх вайскоўцаў


Камітэт жаўнерскіх маці ў Стаўрапольскім краі склаў спіс з 400 параненых і забітых апошнім часам расейскіх вайскоўцаў. Пра гэта расейскаму тэлеканалу «Дождж» паведаміла старшыня камітэту Людміла Багаценкава.



«У мяне ў спісе каля чатырохсот чалавек. Там і параненыя і загінулыя», – распавяла жанчына.

Спіс быў складзены з розных крыніцаў ва ўзброеных сілах, раскрываць якія камітэт не можа. Паводле дадзеных, якія сабралі жаўнерскія маці, у спісе пераважна жаўнеры з Паўночнай Асеціі і Чачні.

Маладыя мужчыны і хлопцы значыліся ў некалькіх мотастралковых брыгадах: у 19-ай асобнай мотастралковай Варонежска-Шумленскай брыгадзе ордэнаў Суворава і Працоўнага Чырвонага Сцяга (Уладзікаўказ, Паўночная Асеція), 17-ай асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгадзе ў горадзе Шалі (Чачня), 8-ай асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгадзе ў горадзе Шатой (Чачня).

Па словах спадарыні Багаценкавай, акрамя ўжо згаданых у спісе ёсць вайскоўцы і з іншых частак расейскай арміі. Спіс параненых і загінулых не з’яўляецца канчатковым і ўвесь час дапаўняецца новымі прозвішчамі.

Улады Украіны падкрэсліваюць, што арганізаваныя вайсковыя групоўкі з Расеі ваююць супраць украінскага войска на Данбасе.

МЯ, belsat.eu, паводле tvrain.ru

Стужка навінаў