Пуцін бачыць у асацыяцыі Украіны з ЕЗ пагрозу для расейскай эканомікі


Агульная шкода эканоміцы Расеі ад рэалізацыі пагаднення аб асацыяцыі Украіны з Еўразвязам можа скласці больш за Ru 100 млрд. Пра гэта заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, выступаючы сёння ў Менску на сустрэчы кіраўнікоў Беларусі, Казахстану, Расеі, Украіны і высокіх прадстаўнікоў ЕЗ, дакладвае дзяржаўнае агенцтва БелТА.



«На наш погляд, было б мэтазгодна не толькі захаваць, але і істотна нарасціць ўзаемадзеянне (з Украінай – belsat.eu)», – падкрэсліў ён. Разам з тым Пуцін засумняваўся ў магчымасці дамагчыся гэтага, калі ўступіць у сілу пагадненне аб асацыяцыі Украіны з ЕЗ. Расея неаднаразова адзначала, што прыняцце Кіевам ўсіх патрабаванняў, якія змяшчаюцца ў пагадненні, негатыўна паўплывае на гандлёвае супрацоўніцтва ў Еўразійскім рэгіёне, падкрэсліў Пуцін.

Паводле яго, праз абнуленне Украінай пошлін на імпарт з ЕЗ адбудзецца значны рост паставак еўрапейскіх тавараў на ўкраінскі рынак – нават да 98%.

«Па самых сціплых ацэнках, агульная шкода толькі эканоміцы Расеі можа скласці Ru 100 млрд. Пад ударам акажуцца цэлыя сектары нашай прамысловасці і аграпрамысловага комплексу», – падкрэсліў прэзідэнт Расеі. Паводле яго, страты будуць таксама ў Беларусі і Казахстану.

Пуцін таксама лічыць, што «менш канкурэнтаздольная ўкраінская прадукцыя будзе выцясняцца на рынак Мытнага саюзу, у большай ступені на расейскі рынак». «Нельга скідаць з рахункаў таксама рызыку супрацьзаконнага рээкспарту на агульны рынак Мытнага саюзу прадукцыі краінаў ЕЗ пад выглядам украінскіх тавараў», – сказаў ён. Пры гэтым Пуцін падкрэсліў, што Расея ў дадзенай сітуацыі не можа бяздзейнічаць.

26 жніўня ў Менску прэзідэнт Украіны на сустрэчы з вярхоўным прадстаўніком ЕЗ па замежных справах Кэтрын Эштан адзначыў, што Кіеў у верасні ратыфікуе Пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў