На Луганшчыне верталёты РФ адкрыта абстралялі ўкраінскіх памежнікаў – 4 забітых


У Луганскай вобласці расейцы з верталётаў Мі-24 упершыню абстралялі некіравальнымі ракетамі ўкраінскіх памежнікаў, у выніку чаго чацвёра вайскоўцаў загінулі, трое атрымалі раненні.

Пра гэта на брыфінгу паведаміў спікер інфармацыйнага цэнтру Савету нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Лысенка. Паводле яго, з тэрыторыі Расеі ў раёне селішча Красная Талаўка Луганскай вобласці на тэрыторыю Украіны 25 жніўня спрабавала трапіць дыверсійна-разведвальная група расейскіх вайскоўцаў. Аднак украінскія памежнікі ўступілі ў бой, які цягнуўся 2,5 гадзіны. Дыверсійную групу прыкрывалі агнём з тэрыторыі Расеі з БТРаў і баявых машынаў дэсанту.

«Упершыню ўкраінскіх памежнікаў абстралялі некіравальнымі ракетамі з расейскіх верталётаў Мі-24», – сказаў Лысенка. Паводле яго, прарыў расейскай групы не адбыўся – затрымаць яе памежнікам дапамагло падмацаванне. Як адзначыў Лысенка, дыверсійная група з Расеі панесла страты, параненых баевікоў эвакуявалі на тэрыторыю Расеі на баявых машынах дэсанту пад прыкрыццём агню з БТРаў і з верталётаў.

24 жніўня ў Данецкай вобласці ў 20 км ад мяжы з Расеяй украінцы затрымалі 10 вайскоўцаў кантрактнай службы са складу 331-га парашутна-дэсантнага палка Паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі (Кастрама).

У Расеі заяўляюць, што затрыманыя дэсантнікі выпадкова трапілі на тэрыторыю Украіны, памыліўшыся ў тапаграфіі.

МЯ, belsat.eu, паводле unian.net

Глядзі таксама
Каментары