Парашэнка распусціў Вярхоўную Раду Януковіча. Наперадзе – цяжкія перамовы ў Менску


«Цяперашні склад Вярхоўнай Рады быў апірышчам Януковіча. І большасць гэтых дэпутатаў прымала дыктатарскія законы, што забралі жыцці Нябеснае сотні. За гэта трэба несці адказнасці. І крымінальную, і палітычную», – заявіў прэзідэнт Пятро Парашэнка ў звароце да ўкраінцаў.

Кіраўнік краіны таксама абвінаваціў некаторых дэпутатаў украінскага парламенту ў спансараванні і сімпатыях да баевікоў-сепаратыстаў. Пазачарговыя выбары ў Вярхоўную Раду адбудуцца 26 кастрычніка. Парашэнка спадзяецца, што да гэтага часу баявыя дзеянні на ўсходзе Украіны будуць завершаныя і дзякуючы выбарам Украіна «пачуе Данбас». Ісці на перамовы з тэрарыстамі, якія цяпер кантралююць Данецк і Луганск, Парашэнка адмаўляецца.

Апошні склад Вярхоўнай Рады тармазіў дэмакратычныя пераўтварэнні ва Украіне. Скасаванне антыдэмакратычных нормаў, прынятых пад уладаю Януковіча, ці адкладалася, ці нават не ўздымалася на сесіях парламенту.

Наперадзе – сустрэча з Пуціным

Сёння ў Менску адбудзецца шматбаковая сустрэча з удзелам Пятра Парашэнкі, Уладзіміра Пуціна, Аляксандра Лукашэнкі, Нурсултана Назарбаева і высокіх чыноўнікаў Еўразвяpу: прадстаўніца ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і еўракамісар па гандлі Карэл Дэ Хюхт.

Пятро Парашэнка на мінулым тыдні заявіў, што едзе ў Менск дамаўляцца пра мір. Паводле ўкраінскага лідара, ён «закліча забраць баевікоў з Украіны». 23 жніўня, сустракаючыся ў Кіеве з канцлерам Нямеччыны Ангелаю Мэркель, ён заявіў, што Украіна і ЕЗ дзейнічаюць у цесным кантакце і так будзе падчас перамоваў у Менску.

Перамовы пройдуць у Палацы Незалежнасці. Чакаецца, што акрамя непасрэдна саміту адбудзецца шэраг двухбаковых сустрэч, але пра іх пакуль афіцыйна не паведамляецца.

Козыры Пуціна і Парашэнкі

Галоўнаю падзеяў шматбаковай сустрэчы стануць перамовы паміж Пуціным і Парашэнкам. Абодва кіраўнікі маюць свае аргументы, якімі будуць апераваць падчас няпростага дыялога.

Чакаецца, што Уладзімір Пуцін будзе найбольшую ўвагу надаваць гуманітарным пытанням: на тэрыторыі Расеі цяпер знаходзяцца тысячы ўцекачоў з Данбаса. Напэўна расейскі прэзідэнт узгадае пра гуманітарную катастрофу на Данеччыне і Луганшчыне ды запатрабуе поўнасцю прапусціць «гуманітарны канвой» на тэрыторыю Данбаса. Яшчэ адзін «козыр у рукаве» – украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якую тэрарысты пераправілі на тэрыторыю Расеі. Адпусціўшы закладніцу і націскаючы на неабходнасць дапамогі насельніцтву Данбаса, Пуцін паспрабуе змякчыць свой вобраз агрэсара ў вачах еўрапейскіх палітыкаў.

Пётр Парашэнка мае дастаткова доказаў таго, што Расея фінансуе, падтрымлівае зброяй і добраахвотнікамі тэрарыстаў на Данбасе. Учора з’явілася інфармацыя і пра кадравых расейскіх вайскоўцаў, захопленых у палон на тэрыторыі Украіны. Акрамя таго, на Данбасе не атрымалася зрэалізаваць «крымскага сцэнара», і без поўнамаштабнага ўварвання расейцаў украінскае войска знішчыць «ДНР» і «ЛНР» бліжэйшымі месяцамі.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

З выкарыстаннем матэрыялаў БелаПАН

Стужка навінаў