Польскі адказ на «белы канвой». Польскія яблыкі паедуць у Расею


5 цяжкавікоў з 40 тысячамі польскай садавіны хочуць накіраваць у Калінінград. Акцыю ініцыявала сетка гіпермаркетаў «Intermarche», пішуць польскія СМІ.

Паводле кіраўніка аддзелу піяру Барталамея Тарлоўскага, яблыкі маюць быць развезеныя па 37 школах: «Пачынаецца навучальны год, а ў Польшчы ёсць досвед правядзення акцыі «садавіна ў школе».

Кампанія звярнулася ў амбасаду Расеі з просьбаю дазволіць уехаць канвою на тэрыторыю Калінінградскай вобласці. Барталамей Тарлоўскі мяркуе, што прапанова будзе зацверджаная. Калі не, то ёсць аварыйны выхад: яблыкі перададуць у польскія школы альбо дзяцей з Калінінграду запросяць на бясплатныя польскія яблыкі.

Некалькі дзён таму Расея ўвяла на тэрыторыю Украіны гэтак званы гуманітарны канвой: каля 300 белых грузавікоў з найбольш істотнымі харчовымі таварамі.

Кіеў і Захад палічылі дзеянні Расеі правакацыяй і абвінавацілі Маскву ў парушэнні недатыкальнасці ўкраінскай мяжы.

Цяпер расейскі бок плануе найбліжэйшым часам адправіць чарговую калону цяжкавікоў з гуманітарнаю дапамогай на Данбас, перадае «Інтерфакс» са спасылкаю на міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары