Дзень Незалежнасці Украіны стаўся... міжнародным святам (фота, відэа)


Сёлетні Дзень незалежнасці Украіны стаў святам і для шмат якіх еўрапейскіх салідарных народаў: беларусаў, літоўцаў, палякаў, чэхаў ды іншых.

У Вільні нягледзячы на залеву сабралася больш за сотню неабыякавых літоўцаў, а таксама ўкраінцы і беларусы, што гасцілі гэтымі днямі ў літоўскай сталіцы. Людзі расцягнулі 200-метровы сцяг Украіны па ўсёй плошчы. Потым удзельнікі праспявалі ўкраінскі і літоўскі дзяржаўныя гімны.

На знак падзякі прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары частавалі віленчукоў стравамі нацыянальнай кухні.

Учора, у 25-ую гадавіну Балтыйскага шляху, ключавым матывам святкаванняў таксама стала салідарнасць з Украінаю. Сярод іншага, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце трымала ў руцэ разам са сцяжкамі краінаў Балтыі жоўта-блакітны сцяжок.

{movie}Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце салідарная з Украінаю |right|18059{/movie}

Тым часам у Варшаве адбыўся парад вышыванак, дзень украінскай кухні, канцэрты. А адзін з самых распазнавальных будынкаў у цэнтры польскай сталіцы – Палац культуры гэтыя дні падсвечваюць жоўтым і блакітным колерамі.

У Празе адбыўся ўрачысты марш пад жоўта-блакітнымі сцягамі, а па знакамітым Карлавым мосце салідарныя чэхі ды мясцовыя ўкраінцы пранеслі гіганцкі нацыянальны сцяг Украіны. Шмат хто з удзельнікаў акцыі надзеў традыцыйныя ўкраінскія вышыванкі.

У Беларусі дэманстраванне салідарнасці з Украінаю можа скончыцца штрафам і нават арыштам, таму ў нашай краіне акцыі ў падтрыманне Украіны носяць хутчэй ананімны характар. Гэтак, у Салігорску невядомыя вывесілі ўкраінскі і беларускі нацыянальныя сцягі, палотнішчы луналі таксама над прыватным домам у Гомлі.

Настасся Яўмен, Вільня / МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў