Лукашэнка спадзяецца на ўмацаванне супрацы з Украінаю


Кіраўнік Беларусі павіншаваў свайго ўкраінскага калегу Пятра Парашэнку з нацыянальным святам – Днём незалежнасці Украіны.

У віншаванні адзначаецца, што характар беларуска-ўкраінскага ўзаемадзеяння на сучасным этапе вызначаюць «высокі ўзровень двухбаковых адносінаў і супольная гісторыя».

«Шчыра даражу нашым паразуменнем і буду рады працягу канструктыўнага дыялогу, накіраванага на далейшае ўмацоўванне супрацы паміж Беларуссю і Украінаю», — цытуе тэкст віншавання прэс-служба Лукашэнкі.

Сваё галоўнае нацыянальнае свята Украіна адзначае 24 жніўня ва ўмовах няспынных баёў паміж сепаратыстамі і сіламі нацыянальнай гвардыі на ўсходзе краіны.

Ці Менск дапаможа вырашыць канфлікт?

У Менску 26 жніўня плануецца сустрэча ў фармаце Мытны саюз — ЕЗ — Украіна з удзелам лідараў краін «мытнай тройкі», прэзідэнта Украіны, а таксама вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ у пытаннях бяспекі і вонкавай палітыцы, адказнага за энергетыку віцэ-старшыні Еўракамісіі і камісара гандлю.

Пятро Парашэнка на менскай сустрэчы мае намер дамаўляцца аб міры, бо «увесь свет стаміўся ад вайны». Аб гэтым прэзідэнт Украіны заявіў 21 жніўня падчас рабочай паездкі ў Нікалаеў. Паводле Парашэнкі, на перамовах у Менску ён «заклікае забраць баевікоў з Украіны». «Упэўнены, што нам гэта ўдасца», — сказаў украінскі лідар.

Пры гэтым Парашэнка падкрэсліў: «Для таго каб мець трывалыя пазіцыі на перамовах аб міры, трэба быць моцнымі — мець адзінства народа, моцную краіну, моцную армію. Мы здольныя абараніць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць. Сёння мы змагаемся за незалежнасць Украіны. Мы з вамі абавязкова пераможам».

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў