Ланцуг салідарнасці. Як нашыя суседзі здабывалі свабоду.


Чвэрць стагоддзя таму ад кафедральнай плошчы ў Вільні, цераз Рыгу і да цэнтру Таліну два мільёны літоўцаў, латышоў і эстонцаў утварылі жывы ланцуг. У акцыі негвалтоўнага супраціву ўзяў удзел кожны чацвёрты жыхар тады яшчэ савецкіх рэспублік. Дату абралі не выпадкова – акурат 23 жніўня 1939 года пактам Рыбэнтропа-Молатава дзве таталітарныя імперыі падзялілі Еўропу. Праз 50 гадоў гэты ж дзень стаў штуршком да развалу апошняй з іх.

{movie}Шлях да свабоды|right|18055{/movie}

ДАЙНІС ІВАНС, ПЕРШЫ СТАРШЫНЯ НАРОДНАГА ФРОНТУ ЛАТВІІ:
“Без незалежнасці нашых дзяржаваў, што былі акупаваныя пяцьдзесят гадоў і без абуджэння іншых савецкіх нацыяў, ніводнай са сваіх мэтаў – дэмакратызацыю, эканамічны ўзрост – мы проста не дасягнем”.

Ужо праз паўгода пасля гэтай акцыі пра аднаўленне суверэнітэту абвесціла Літва. У хуткім часе да яе далучыліся Латвія і Эстонія, даўшы прыклад іншым савецкім рэспублікам. На вуліцах балтыйскіх сталіцаў сёння няцяжка было сустрэць удзельнікаў тых падзеяў.

ЖЫХАРЫ РЫГІ:
“Я, натуральна, усё выдатна памятаю. І радыё, і тэлебачанне, і як людзі шыхтаваліся, ну, літаральна вось тут. Латвія, Эстонія, Літва… Людзі стаялі рука ў руку. Гэта было неймаверна”.
“Вельмі па-сяброўску было. Я там побач жыву. Падышла і кожнага прымалі, хто толькі хацеў стаяць. Так тады і стаялі”.
“Мы думалі пра нашую незалежнасць. І ўсе нашыя думкі былі пра тое, што мы хочам дасягнуць незалежнасці Латвіі, якую мы страцілі ў саракавым годзе”.

Тады кіраўніцтва СССР хоць і асудзіла акцыю ды назвала ўдзельнікаў экстрэмістамі і нацыяналістамі, гвалтам не затрымлівала Балтыйскіх краінаў і ўжо праз паўгода Літва абвесціла пра выхад з Савецкага Саюзу.

МІКІТА ПЯТРОЎ, ТАВАРЫСТВА «МЕМАРЫЯЛ»:
“Тое кіраўніцтва, што не хацела адпускаць краіны Балтыі, калі мы кажам пра Гарбачова, дык насамрэч было адэкватным і цалкам талерантным. Бо ўсе лавіяванні і ўсе намаганні Гарбачова ў захаванні СССР ляжалі ў цалкам цывілізаванай плыні”.

Сёння на ўрачыстасцях, прысвечаных угодкам, да сцягоў трох балтыйскіх краінаў дадаліся ўкраінскія колеры. У Вільні пра падтрыманне Украіны казалі ня менш, чымся пра ўгодкі ўласнае барацьбы.

ДАЛЯ ГРЫБАЎСКАЙЦЕ, ПРЭЗІДЭНТ ЛІТВЫ:
“І праз 25 гадоў гэта застаецца святам нашае свабоды, адзінства. Мы здолелі стварыць сваю моцную, самастойную дзяржаву. Сёння наш і ўкраінскі сцяг з’ядналіся і гэта выдатна, бо менавіта цяпер развязваецца пытанне захавання свабоды Украіны. Мы ведаем, бо самЫя прайшлі праз такі перыяд”.

Гэтая падвойная гадавіна – падпісання пакту Рыбэнтропа-Молатава і “Балтыйскага шляху” шмат каго натхняе на гістарычныя аналогіі. Не паўтараць памылак мінулага і больш рашуча ды выразна адрэагаваць на анексію Крыму заклікаў у Рызе заходнія краіны лідар крымскіх татараў, які цяпер неўязны на сваю Радзіму.

МУСТАФА ДЖЭМІЛЕЎ, ЛІДАР КРЫМСКАТАТАРСКАГА НАРОДУ:
“Некаторыя заходнія краіны намагаліся супакоіць Гітлера, саступіўшы яму, напрыклад, Судэты, але гэта яго толькі натхніла і далей ён пайшоў на Польшчу ды іншыя краіны. Тое самае можа адбыцца і тут, калі ня даць жорсткага адпору агрэсіі”.

Бо перамагчы наступствы дзеянняў прарасейскіх сепаратыстаў ці гэтак званых “зялёных чалавечкаў” у Крыме мірнымі пратэстамі, як 25 гадоў таму, наўрад ці атрымаецца.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў