Расейскія памежнікі спынілі аўтобус і затрымалі беларускіх актывістаў (фота)


Расейскія памежнікі затрымалі Вольгу Завадскую, маці зніклага Змітра Завадскага і аднаго з беларусаў у майцы «Стоп Пуцін», напісаў у сваім «Фэйсбуку» сустаршыня БХД Аляксей Шэін.

На мяжы са Смаленскай вобласцю расейскія памежнікі спынілі аўтобус з актывістамі, прадстаўнікамі розных рухаў і партый, у тым ліку БХД, якія ехалі ў Катынь ушанаваць памяць растраляных ахвяраў сталінізму. Прадстаўнік памежнай службы патрабаваў ад усіх здаць пашпарты, але грамадзяне Беларусі адмовіліся здаваць дакументы.

Праз некаторы час затрымалі сябра БХД Яўгена Батуру, у якога была майка з подпісам «Стоп Пуцін», ды Вольгу Завадскую, маці зніклага журналіста Змітра Завадскага. Спадара Батуру змусілі зняць майку, а потым павезлі затрыманых дзеля высвятлення асобы, падае сайт БХД.

Асобы, якія спынілі аўтобус, не давалі яму нікуды ехаць і чакалі прыбыцця свайго кіраўніцтва. Людзі ў цывільным не прадстаўляліся. Некаторыя мелі пазнакі “ФСБ”.

Аўтобус адпусцілі за 20 хвілінаў да закрыцця мемарыяльнага комплексу “Катынь”, у які накіроўваліся актывісты. Затрыманых таксама звольнілі. Трымалі іх на мяжы больш за 3 гадзіны. Аўтобус накіраваўся па ранейшым маршруце. Яго суправаджаюць дзве машыны расейскай дарожна-пастрольнай службы, паведаміла “Белсату” актывістка Ганна Шапуцька.

“Некаторыя з актывістаў мелі значкі з бел-чырвона-белымі і жоўта-блакітнымі стужкамі. Нашае затрыманне, я думаю, звязанае з канфліктам Украіны і Расеі. Затрымалі тых, хто салідарны з Украінаю”, – адзначыла дзяячка.

23 жніўня аб’яўлены Днём памяці ахвяраў нацызму і сталінізму, ушанаваць якіх хацелі ў Катыні дзеячы з Беларусі.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў