У Беларусі створаць камісію дзеля выяўлення экстрэмізму


У Беларусі будзе створана спецыяльная экспертная камісія, якая будзе ацэньваць інфармацыйную прадукцыю на наяўнасць у ёй элементаў экстрэмізму. Адпаведную пастанову прыняў Савет міністраў.

Паводле пастановы, экспертныя камісіі маюць стварыць у кожнай з абласцей, перадае дзяржаўнае агенцтва «БелТА» са спасылкай на прэс-службу ўраду. Рэспубліканская экспертная камісія, створаная пры Міністэрстве інфармацыі, будзе таксама выконваць функцыі экспертнай камісіі па горадзе Менску.

У камісію ўвойдуць «аўтарытэтныя эксперты ў сферы філасофіі, псіхалогіі, філалогіі, сацыялогіі, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, якія ажыццяўляюць процідзеянне экстрэмізму, што дазволіць усебакова і кампетэнтна разглядаць матэрыялы на прадмет наяўнасці ў іх прыкмет экстрэмізму», падае «БелТА»

Рэспубліканская камісія будзе мець права запытваць і атрымліваць неабходныя дакументы, матэрыялы і інфармацыю, якія маюць значэнне для правядзення экспертыз. Таксама яна зможа запрашаць і заслухоўваць на сваіх пасяджэннях прадстаўнікоў дзяржорганаў, арганізацыяў, грамадскіх аб`яднанняў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Пры неабходнасці для экспертыз будуць прыцягвацца розныя спецыялісты, грамадскія дзеячы, якія не ўваходзяць у камісію.

Падставамі для правядзення экспертызы інфармацыйнай прадукцыі будуць звароты дзяржаўных органаў, арганізацыяў, грамадскіх аб`яднанняў і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама пастанова (вызначэнне) дзяржорганаў ці службовых асобаў, якія маюць адпаведнае права.

Заключэнне экспертнай камісіі можна будзе абскардзіць у судовым парадку, а абласной камісіі – у рэспубліканскай або ў судзе.

У 2013 годзе суд Ашмянскага раёну прызнаў альбом «Прэс-фота Беларусі-2011» экстрэмісцкім. Да ацэнкі зместу альбомаў прыцягнулі экспертную камісію, якую ачольваў начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Гарадзенскага аблвыканкаму Павел Скрабко. Камісія прыйшла да высновы, што ў альбоме «ўтрымліваюцца наўмысна скажоныя выдумкі аб жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай ды іншых сферах, якія не адпавядаюць рэчаіснасці ды зневажаюць нацыянальны гонар і годнасць грамадзянаў Рэспублікі Беларусь». За выданне альбому «Прэс-фота Беларусі–2011» выдавецтва «Логвінаў» пазбавілі ліцэнзіі.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН, БелТА

Стужка навінаў